Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Название:Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке) краткое содержание
Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
А пазбаўленыя сваiх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялi Калiфорнiю дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя i новыя трактары паўзлi па зямлi i зганялi з яе арандатараў. I новыя хвалi выплюхвалiся на дарогi, новыя хвалi беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага i таму небяспечнага.
Калiфарнiйцы шмат чаго патрабавалi ад жыцця - прымнажэння капiталу, поспеху ў грамадстве, уцех i забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалi толькi дзвюх рэчаў - зямлi i хлеба; на iх разуменне гэтыя дзве рэчы злiвалiся ў адну. I ў той час як патрабаваннi калiфарнiйцаў былi туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго iмкнулiся Окi, ляжала проста пры дарозе, цвялiла вока, распальвала зайздрасць: урадлiвыя палi, дзе можна выкапаць калодзежы, - урадлiвыя зялёныя палi; зямля, якую можна раскрышыць пальцамi на далонi; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблiнкi аўса - пажуеш iх i адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазiраў на абложную зямлю i ведаў, у думках бачыў, што гнуць спiну i натужвацца тут можна нямарна - тут вырасце капуста i залацiстая цукровая кукуруза, рэпа i морква.
Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з iм яго жонка, на заднiм сядзеннi схуднелыя дзецi, i глядзеў на абложныя палi, якiя маглi б даць яму не прыбыткi, не - ежу, i ён ведаў, што няўробленае поле - грэх, а незасеяная зямля - злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. I калi такi чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, i яго разбiрала жаданне ўзяць сабе гэтыя палi i вырасцiць на iх тое, што дасць сiлу яго дзецям i прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палi вабiлi яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнiлi яго ўяўленне.
А на поўднi ён бачыў залатыя апельсiны на дрэвах, маленькiя залатыя апельсiны на цёмнай зеленi дрэў, i вартаўнiкоў з драбавiкамi ў прысадах - каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзiцяцi, хоць апельсiны пойдуць на звалку, калi цана iх упадзе.
Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?
А вунь, у Гувервiлi, ля самай рэчкi. Там ужо цэлая плойма гэтых Окi.
Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервiля. I потым ужо нiколi не пытаўся пра начлег, бо на ўскраiне кожнага горада быў свой Гувервiль.
Хламны пасёлак звычайна ўзнiкаў каля вады; замест дамоў тут былi палаткi, буданы з бур'яну, загарадкi з кардону - кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозiў сям'ю ў гэты пасёлак i лiчыўся грамадзянiнам Гувервiля - усе такiя пасёлкi называлiся Гувервiлямi. Чалавек ставiў палатку як мага блiжэй да вады; а калi палаткi ў яго не было, ён iшоў на гарадскую звалку, прыносiў адтуль старыя кардонныя скрынкi i з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанiшча. А калi лiў дождж, яно размакала i зносiлася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервiлi i снаваў на машыне па наваколлi, па фермах, шукаючы працы, i тыя мiзэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставалiся, ён трацiў на бензiн. Вечарамi мужчыны збiралiся разам i гутарылi. Седзячы на кукiшках, яны гаварылi пра зямлю, якую бачылi ўсцяж дарог.
Вунь там, далей на захад, - трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзi, што я зрабiў бы з такой зямлёю - хоць з пяццю яе акрамi! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!
А ты заўважыў? На фермах нi гароднiны не садзяць, нi курэй не трымаюць, нi свiней. Разводзяць толькi адно - бавоўну або персiкi цi салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглi б хоць у агародчыках вырасцiць.
Госпадзi, што б я зрабiў з парачкай свiней!
Ну, гэта ўсё не тваё i нiколi тваiм не будзе.
Што ж рабiць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.
У лагерах шэптам перадавалi адзiн аднаму чуткi. У Шэфтары ёсць работа. I сярод ночы грузiлiся машыны, на дарогах цесната - пагоня за работай, як залатая лiхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая лiхаманка. Яны выязджалi цiшком ноччу, апанаваныя нястрымным iмкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былi спакусы - палi, якiя маглi даць хлеб.
На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.
Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялiчкi ўчастачак. Няхай самы маленькi. Вунь там - хоць лапiк зямлi. Цяпер там адзiн смярдзючы дурнап'ян. Госпадзi, з гэтага лапiка я столькi бульбы сабраў бы - на ўсю сям'ю хапiла б!
Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набiраўся смеласцi, пракрадаўся на лапiну зямлi i расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоiць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецiк маркоўнага насення i трохi рэпавага. Саджалi шалупiнне ад бульбы, увечары крадком прабiралiся матычыць захопленую зямлю.
Пакiнь пустазелле па краях - i нiхто не ўбачыць, што мы тут робiм. I пасярэдзiне таксама пакiнь буйны, высокi бур'ян.
Вечарамi ўпотай працавалi на агародах, насiлi ваду з рэчкi ў iржавай бляшанцы.
I вось адным днём - шэрыфскi памагаты: ты што тут робiш?
Нiчога дрэннага.
Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасцi.
Тут зямля неўзараная, нiкому нiякай шкоды я не раблю.
Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамi сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!
I маленькiя зялёныя макаўкi морквы пазбiваны нагой, нацiнне рэпы затаптана. I зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнiк закону меў рацыю. Ураджай - гэта ўжо ўласнасць. Калi зямля ўскапана i морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе бiцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявiць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе бiцца за гэты лапiк зямлi сярод смуроднага пустазелля.
Ты бачыў, якая ў яго была фiзiя, як мы рэпу тапталi? Чаго добрага i забiць мог. Такiх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краiну.
Прышлыя, чужынцы.
Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусiм iншы народ. Глядзi, як яны жывуць. Хiба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!
Вечарамi сядзелi на кукiшках, гутарылi. I чый-небудзь усхваляваны голас: а чаму б чалавекам дваццацi з нас не заняць якi ўчастак? У нас ёсць стрэльбы. Зоймем i скажам: зганяйце, калi зможаце. Чаму б так не зрабiць?
Як пацукоў, усiх перастраляюць.
А што, па-твойму, лепш, памерцi цi гэтак жыць? Накрыцца зямлёй або буданамi з джутавых мяхоў? Якi лёс ты выбераш сваiм дзецям - памерцi цяпер або праз два гады - ад недастатковага харчавання, як пiшуць. Ведаеш, што мы ямо ўвесь гэты тыдзень? Крапiўны адвар i скавароднiкi. А мука адкуль у нас на скавароднiкi, ведаеш? З падлогi таварнага вагона пазмяталi.
Гутаркi ў лагерах, а шэрыфскiя памочнiкi -таўстазадыя, з рэвальверамi на тоўстых сцёгнах - пахаджваюць па лагеры: народ гэты трэба ў страху трымаць. Яго трэба добра прыструнiць, а то адзiн бог ведае што тут натвораць! Людзi гэтыя небяспечныя, як чарнамазыя на поўднi. Калi даць iм аб'яднацца, нiчым iх не спынiш.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: