Владимир Случанский - Драбы (на белорусском языке)
- Название:Драбы (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Владимир Случанский - Драбы (на белорусском языке) краткое содержание
Драбы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Олiвер прытаiўся на правым крыле паляны. Леваруч ад яго вiднеўся праз кусты плашч Графа дэ ля Шэр, з другога - пёры Мак Марцiмера. Далей некалькi чужаземцаў i Лiтоўскiх Драбаў зь вялiзарнымi самастрэламi.
Паляўнiчыя былi разстаўленыя з такiм разьлiкам, каб нi адна жывёла, выгнаная на паляну, ня здолела прарвацца празь iх ланцуг, падмацаваны з тылу збраяносцамi й чэлядзяй, узброенай дзiдамi, сякерамi й самастрэламi.
Напружанае маўчаньне запанавала над лесам. Некалькi сотняў насьцярожаных пар вачэй, да болю ў скронях, углядалiся ў аддаленыя нетры нямое пушчы. Кожны найменшы гук - хруснуўшая галiна, лопат крылаў, шорах абсыпаючагася з дрэва сьнегу, прымушаў уздрыгнуцца прытаiўшыхся людзей i мацней бiцца iх сэрцы. Вось, вось, здавалася, зьявiцца даўгачаканая дзiчына. Нiхто нават не заўважыў i не падумаў аб тым, што яшчэ зусiм не чуваць ражкоў i бубнаў загоншчыкаў.
Навокал панавала такая цiшыня, што зграйка чырвонагрудых гiлёў, супакойна апусьцiўшыся на паляну, безтурботна шпацыравала каля самых ног Вiтаўта, нават не падазраваючы блiзкасьцi людзей, i не зьвяртаючы нiякай увагi на лёккiя хмаркi пары ад дыхаючых паляўнiчых.
Затаiўшы подых, Вiтаўт з ласкавай усьмешкай назiраў за прыгожымi птушкамi, на некаторы час забыўшыся, дзе ён знаходзiцца.
Раптам, на супрацьлежнай ускраiне паляны, паказаўся руды пушысты лiс. Прысеўшы каля крайнiх дрэў, ён уважна панюхаў паветра, але, нiчога не адчуўшы, прыпаў да сьнегу i рушыў к сярэдзiне паляны, насьцярожана паводзячы вострымi вушкамi.
Дзесь трывожна засакатала сарока. Гiлi разам узьнялiся ў паветра й зьнiклi за засьнежанымi верхавiнамi дрэў. Лiс кiнуўся ўбок, прыпаў чэравам да сьнегу й пачаў уважна вынюхваць i прыслухоўвацца. Нi гука. Паляўнiчыя замерлi, зь цiкавасьцю назiраючы гэтага хiтрага й асьцярожнага зьвярка. Але лiс нешта прыкмецiў i, раптоўна вiльнуўшы густым хвастом, завярнуў i стралой зьнiк у пушчы.
Усе гэтыя трывогi й перажываньнi не займалi толькi аднаго чалавека Гараднiчага Варкулу. Ён ня бачыў нi лiса, нi гiлёў, нi чарады курапатак, перабегшых праз паляну. Пахмура насупiўшыся, ён ад'ехаў у глыбiню лесу й там у адзiноце перажываў доўгую адлучку брата. Уся яго йстота йрвалася недзе ў балоцiстыя абшары паганскае Жамойцi, прыцiснутыя бязьлiтасным жалезным ботам зьненавiджаных Крыжакоў.
Пусьцiўшы павады каня, ён, згорбiўшыся, сядзеў у сядле, пахiлiўшы галаву на грудзi. Час ад часу, з надзеяй пазiраў на сьцежку, вядучую к лясному Замку, i, нiчога на ёй не прыкмецiўшы, iзноў занураўся ў свае невясёлыя думкi. Яго конь, адчуваючы млявасьць седака й прызвычаiўшыся за доўгую сваю службу да розных лясных прыгод, паволi крочыў па гурах, не аддаляючыся ад мейсца паляваньня, а й не наблiжаючыся да яго. Разумная жывёла як-бы падзяляла смутак i трывогу свайго гаспадара. Панурыўшы кудлатую галаву, старанна абыходзiла карчы, пнi й лапчастыя галiны, нiзка пахiленыя да зямлi.
На паляне, мiж тым, зноў зьявiўся лiс. Зараз ён трымаўся зусiм iнакш. Устрывожана азiраючыся на бакi, мiтусiўся мiж крайнiмi дрэвамi, не адважваючыся выбегчы на адкрытую плошчу. Там i сям мiльгаў яго руды хвост. Выпалашаныя iм некалькi зайцаў, стрымгалоў пусьцiлiся наўцёкi. Адзiн зь iх, выкацiўшыся белым клубком на сярэдзiну паляны й зрабiўшы на ёй некалкi петляў, прысеў i натапырыў вушы.
З ланцуга паляўнiчых разьнёсься прарэзьлiвы сьвiст. Нехта цюгакнуў. Заяц са ўсiх ног iрвануў назад у лес. Але мiж дрэвамi мiльгнула гладкая сьпiна лiса. Бедны русак, страцiўшы галаву, у сьмяротным страху йзноў завярнуў i рынуўся ўздоўж паляны, высока падкiдаючы тыльныя лапкi.
Лiс-жа - зусiм не спрабаваў упаляваць злашчаснага зайца. Тонкi слых зьвяра ўлавiў у глыбiнi пушчы незразумелыя, але й не абяцаючыя нiчога добрага гукi. Патрошку, але няўхiльна, гэтыя гукi нарасталi, i прымушалi лiса мiтусiцца ўсё трывожней i пасьпешней...
Нарэшце паказалася першая буйная дзiчына. Гэта былi тонканогiя прыгажунi дзiкiя козы. Крута выгнуўшы шыi, яны, здавалася, ляцелi мiж дрэвамi, прастуючы к леваму крылу паляны.
Лёккая нэрвовая дрыготка праняла кожнага з паляўнiчых. Пачынаецца!
Олiвер моцна зацiснуў у руках самастрэл. Сiлком адарваўшы вочы ад грацыёзных козаў, зьвярнуў пагляд да пушчы, проста перад сабою. Мiж дрэвамi нешта роiлася, шэрым патокам абцякаючы гуры...
Гнаныя панiчны страхам козы, як вецер вынесьлiся на паляну, спадзяючыся адным духам перамахнуць яе ды зьнiкнуць у кустах...
Падзiўляюча гучна дзвэнькнула цецiва самастрэлу. Моцны, прыгожы важак чарады ўзьвiўся на дыбкi й павалiўся на сьнег, афарбоўваючы яго крывёй. Са сьвiстам выляцеў з кустоў тузiн стрэлаў, паклаўшы на сьнег усю зграйку красунь козаў.
У гэты момант, супраць Олiвера на паляну высыпала зграя ваўкоў. Яны йшлi ўпэўненай рысьсю, драпежна прыцiснуўшы вушы й падцiснуўшы хвасты.
Амаль адначасна з ваўкамi, аднак шмат лявей, выбегла чарада дзiкаў. Вялiзарны вяпрук з загнутымi iкламi, грозна рохкаючы, трухаў зьпераду. Дасьведчаны важак адчуваў небясьпеку, але ня ведаў, адкуль яна прыйдзе. Таму, выбраўшы найвыгаднейшы кiрунак - к гусьцейшым кустам, накiраваўся проста на Вiтаўта. Уся чарада завярнула за iм, iдучы сьлед у сьлед.
Мак Марцiмер старанна нацэлiўся ў пярэдняга сiвога воўка й спусьцiў цецiву. Воўк з разгону перакулiўся цераз галаву й забiўся ў перадсьмяротных сутаргах.
Адразу-ж хмара стрэлаў са сьвiстам выляцела з кустоў. За ёй другая й трэцяя. Парадзелая зграя ваўкоў кiнулася ўбок, але сустрэўшы й тут хмары стрэлаў, завярнула назад у лес.
Першага дзiка звалiў сам Вiтаўт, цэльна ўсадзiўшы стралу яму пад левую лапатку. Вялiзны вяпрук зарыўся лычом у сьнег i з прарэзьлiвым пiскам бiў нагамi, падымаючы хмары сьнежнага пылу, ды разпырскваючы далёка вакол сябе гарачую кроў. Неймаверны галас, пiск i выцьцё ўзьнялiся над палянай. Дзiкi й уцякаючыя ваўкi, адзiн за другiм валiлiся з ног пад цэльнымi стрэламi ўваходзячых у азарт паляўнiчых.
Барадатыя лосi, зграбныя аленi, прыгожыя дзiкiя козы, паасобку й зграйкамi выносiлiся на паляну. Дзiкi, ваўкi, зайцы. Нават некалькi медзьвядзёў вывалiлi з гушчару, дадаючы страху драбнейшай жывёле сваiм глухiм страсянаючым рыкам.
Уся паляна роiлася ад мiтусячайся дзiчыны. Нi Олiвер, нi Мак Марцiмер, ня бачылi нiчога падобнага ў сябе на бацькаўшчыне. Такая маса жывёлы нiколi нават i ня сьнiлася нiкому з чужаземцаў.
Паляўнiчы запал агарнуў маладога Бургунца. Раз за разам выпускаючы стралу ў зьвярыную кiпель, ён ужо не выбiраў, як перад гэтым, прыгажэйшае й буйнейшае цэлi. Алень, воўк, дзiк, - не рабiлi ўжо розьнiцы. Захапiўся паляваньнем i Мак Марцiмер. Ап'янелы ад паху крывi, ён раз за разам выпускае стрэлы. Нават Граф дэ ля Шэр, заўсёды стрыманы й халодны, зараз з гарачкавай пасьпешнасьцю працуе самастрэлам.
Дзiчына валiцца як скошаная. Здавалася, што нябачная вялiзарная каса безьперапынна шугае па паляне, валячы цэлыя поласы сваiх ахвяраў. Густыя хмары пары, ад спатнелай жывёлы, гарачай крывi, сьвежага гною, i воддыхаў тысяч ноздраў, клубамi перакатваюцца над рыкаючай i енчачай палянай.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: