Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Ён паспрабаваў з трошкi большым поспехам, чым раней, выклiкаць у думках вобраз О'Браэна. "Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры", - сказаў яму некалi О'Браэн. Ён ведаў, што гэта значыць, а можа, толькi думаў, што ведае. Месца, дзе няма болей цемры - гэта была казачная будучыня, убачыць якую нiколi не давядзецца, але да якой шляхам прадбачання можна было неяк таямнiча далучыцца. Але пакуль у яго ў вушах грымеў голас з тэлегляда, ён не мог засяродзiцца на сваiх думках. Ён запалiў цыгарэту. Палова тытуню адразу высыпалася яму на язык, горкi пыл, якi было цяжка выплюнуць. Перад iм, засланiўшы О'Браэна, зноў узнiк твар Вялiкага Брата. Зусiм як некалькi дзён таму, ён выцягнуў з кiшэнi манету i паглядзеў на яе. З манеты глядзеў цяжкi, спакойны паблажлiвы твар: але якая ж усмешка хавалася пад чорнымi вусамi? Змрочным хаўтурным звонам адгукнулiся словы:
ВАЙНА ГЭТА МIР
СВАБОДА ГЭТА РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ГЭТА СIЛА
Частка другая
1
Да абеду яшчэ заставаўся час, i Ўiнстан пакiнуў кабiнет i пайшоў у прыбiральню.
З другога канца доўгага, ярка асветленага калiдора яму насустрач рухалася самотная постаць. Гэта была чорнавалосая дзяўчына. Прайшло чатыры дкi з таго вечара, калi ён напаткаў яе каля антыкварнай крамы. Калi яна падышла, ён убачыў, што правая рука ў яе на перавязi, якой здалёк не было вiдно, бо яна аднаго колеру з камбiнезонам. Напэўна, яна зашчамiла руку, калi круцiла адзiн з вялiкiх калейдаскопаў, у якiх рабiлi накiды раманаў. Тыповае здарэнне ў аддзеле мастацкай лiтаратуры.
Памiж iмi заставалася нейкiх чатыры метры, як раптам дзяўчына спатыкнулася i ўпала нiцма. Яна закрычала ад болю. Напэўна, яна ўпала якраз на пашкоджаную руку. Ўiнстан рэзка спынiўся. Дзяўчына ўжо стаяла на каленях. Яе твар зрабiўся малочна-белы, i ад гэтага вусны пунсавелi яшчэ ярчэй, чым звычайна. Яна глядзела на Ўiнстана ўмольным позiркам, у якiм адчувалася болей страху, чым болю.
Ўiнстана ахапiла дзiўнае пачуццё. Перад iм быў вораг, якi шукаў нагоды забiць яго; перад iм была таксама чалавечая iстота, якая пакутавала ад болю, бо, можа, нешта сабе зламала. Ён мiжвольна кiнуўся ёй дапамагаць. Калi ён убачыў, як яна ўпала на забiнтаваную руку, яму здалося, што ён адчувае боль у сваiм целе.
- Вы не пабiлiся? - спытаўся ён.
- Нiчога страшнага. Вось толькi рука. Зараз пройдзе.
Здавалася, што яе сэрца зараз выскачыць з грудзей. Ва ўсялякiм разе, яна была вельмi бледная.
- Вы нiчога сабе не зламалi?
- Не, усё ў парадку. Толькi хвiлiнку пабалела, i ўсё. Яна працягнула яму здаровую руку, i ён дапамог ёй устаць. Твар яе паружавеў, ёй зрабiлася вiдавочна лягчэй.
- Нiчога, - паўтарыла яна. - Толькi трошкi ўдарыла руку. Дзякуй, таварыш!
I яна хуценька пайшла далей, быццам i сапраўды нiчога не здарылася. Увесь выпадак заняў не болей за паўхвiлiны. Не выстаўляць сваiх пачуццяў напаказ стала ўжо iнстынктыўнай звычкай, тым болей што яны ўвесь гэты час знаходзiлiся перад самым тэлеглядам. I ўсё ж Ўiнстану было вельмi цяжка прыхаваць сваё раптоўнае здзiўленне, бо за дзве цi тры секунды, пакуль ён дапамагаў дзяўчыне ўстаць, яна паспела незаўважна ўсунуць яму нешта ў руку. Безумоўна, яна зрабiла гэта наўмысна. Гэта было нешта маленькае i пляскатае. Праходзячы праз дзверы ў прыбiральню, ён схаваў прадмет у кiшэню i цяпер абмацваў яго кончыкамi пальцаў. Гэта быў кавалак паперы, складзены квадрацiкам.
Стоячы перад пiсуарам, ён здолеў разгарнуць цыдулку ў кiшэнi. Вядома, там нейкае паведамленне. На нейкi момант яго ахапiла жаданне зайсцi ў кабiну i там яго прачытаць. Але ён добра ведаў, што гэта было б страшэннае глупства. Тут хутчэй, чым дзе ў iншым месцы, можна было быць пэўным, што ўвесь час за табою сочаць тэлегляды.
Ён вярнуўся ў сваю нiшу, сеў, нядбайна кiнуў паперку на стол да кучы з iншымi, надзеў акуляры i прысунуў да сябе мовапiс. "Пяць хвiлiн, - сказаў ён сабе, - як найменей пяць хвiлiн!" Сэрца ў грудзях стукала, як молат. На шчасце, ён выконваў цяпер звычайную нудлiвую працу - выпраўленне доўгага спiсу лiчбаў, - што не патрабавала асаблiвае засяроджанасцi.
Што б нi было напiсана ў цыдулцы, яно мела нейкае палiтычнае значэнне. Наколькi ён мог прадбачыць, iснавала дзве магчымасцi. Першая i найбольш верагодная: дзяўчына агент Палiцыi Думак, чаго ён i баяўся. Ён не ведаў, чаму Палiцыя Думак перадае свае пасланнi менавiта такiм спосабам, але, можа, на гэта мелiся нейкiя падставы. Тэкст цыдулкi мог быць пагрозай, выклiкам, загадам аб самагубстве, а магчыма, i нейкай пасткай. Але была яшчэ адна, амаль неверагодная магчымасць, думка пра якую не давала спакою Ўiнстану, хоць ён i стараўся выгнаць яе з галавы. А што, калi гэтае пасланне было не ад Палiцыi Думак, а ад нейкай падпольнай арганiзацыi? Можа, тое самае Братэрства ўсё ж iснуе! Можа, дзяўчына да яго належыць! Без сумнення, думка была абсурдная, але яна адразу прыйшла яму ў галаву, у той самы момант, як ён адчуў у руцэ паперку. Толькi праз некалькi хвiлiн яму ў галаву прыйшло iншае, больш верагоднае тлумачэнне. Нават цяпер, хоць розум i падказваў яму, што гэтае пасланне напэўна азначае для яго смерць, ён усё ж не хацеў у гэта верыць i чапляўся за неразумную надзею. Сэрца шалёна бiлася, i ён упарта змагаўся з трымценнем у голасе, мармычучы лiчбы ў мовапiс.
Ён скруцiў стос апрацаваных папер трубкай i ўсунуў iх у пнеўматычную пошту. Прайшло ўжо восем хвiлiн. Ён паправiў акуляры на носе, уздыхнуў i падсунуў да сябе наступны пачак паперы, на якiм зверху ляжала цыдулка. Ён разгладзiў яе. На ёй вялiкiмi нязграбнымi лiтарамi было напiсана:
Я цябе кахаю.
Некалькi секунд ён быў такi агаломшаны, што не здолеў адразу кiнуць небяспечную паперку ў дзiру памяцi. Калi ён урэшце гэта зрабiў, ён - хоць i ведаў вельмi добра, як небяспечна было выявiць залiшнюю цiкаўнасць, - не мог пераадолець спакусы яшчэ раз перачытаць напiсанае, каб упэўнiцца, што гэтыя словы сапраўды стаялi там.
Астатнi да абеду час яму працавалася вельмi цяжка. Яшчэ цяжэй, чым засяродзiць увагу на бясконцай нуднай працы, было схаваць ад тэлегляда сваё хваляванне. Яму здавалася, што ў жываце ў яго гарыць агонь. Абед у задушлiвай, тлумнай, шумнай сталоўцы быў сапраўдным катаваннем. Ён спадзяваўся пабыць адзiн пад час перапынку на абед, але, на няшчасце, побач з iм на крэсла пляснуўся бязглузды Парсанс, i рэзкi пах поту амаль перабiў металiчны смурод полiўкi. Ён няспынна балбатаў пра падрыхтоўку да Тыдня Нянавiсцi i асаблiва захапляўся двухметровай галавой Вялiкага Брата з пап'е-машэ, якая была падрыхтавана для ўрачыстасцяў шпiёнскiм атрадам яго дачкi. Ўiнстана раздражняла, што ў такой гамане галасоў ён ледзь чуў, што кажа Парсанс, i таму быў увесь час вымушаны прасiць, каб той паўтараў тую цi iншую са сваiх нiкому не патрэбных заўваг. Толькi адзiн раз ён здолеў кiнуць паспешлiвы позiрк на дзяўчыну, што сядзела ў другiм канцы залы за адным столiкам з дзвюма сяброўкамi.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: