Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
- Название:1984 (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке) краткое содержание
1984 (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Здаецца, яна яго не бачыла, а ён не рызыкнуў яшчэ раз глянуць у тым кiрунку.
Па абедзе зрабiлася трохi лягчэй. Якраз надарылася даволi складаная праца, на якую патрабавалася некалькi гадзiн, пры гэтым усё астатняе трэба было адкласцi ўбок. Ён павiнен быў сфальшаваць справаздачы аб прамысловай прадукцыi за два гады такiм чынам, каб выклiкаць недавер да аднаго важнага сябры Ўнутранай Партыi, якi цяпер страцiў ласку. Гэта была праца, да якой Ўiнстан быў асаблiва здатны. I на нейкiя дзве гадзiны ён здолеў цалкам выключыць дзяўчыну са сваiх думак. Тады яму зноў прыгадаўся яе твар, i разам з гэтым з'явiлася шалёнае, амаль нясцерпнае жаданне пабыць аднаму. Пакуль ён не застанецца адзiн, было немагчыма як след падумаць пра гэты новы паварот падзей. Сёння ў яго быў абавязковы вечар у Доме Культуры. Ён праглынуў у сталоўцы нясмачную вячэру i адтуль пайшоў адразу ў Дом Культуры. Там ён узяў удзел ва ўрачыста-бязглуздым сходзе "дыскусiйнага клуба", згуляў дзве партыi ў настольны тэнiс, кульнуў некалькi шклянак джыну i адседзеў паўгадзiнную лекцыю на тэму "Ангсоц i шахматы". У душы ён памiраў ад нудоты, але ўпершыню за нейкi час ён не адчуваў жадання ўцячы з вечара ў Доме Культуры. Словы "Я цябе кахаю" зноў абудзiлi ў iм прагу да жыцця, i яму здалося бессэнсоўным дзеля дробязяў падстаўляць сваё жыццё небяспецы. Толькi ў дваццаць тры нуль-нуль, калi ён быў ужо дома i ляжаў у ложку - у цемры, дзе можна нават не баяцца тэлегляда, калi ляжаць цiха, - ён мог нарэшце спакойна паразважаць.
Заставалася вырашыць тэхнiчнае пытанне: як звязацца з дзяўчынай i дамовiцца з ёй наконт спаткання? Ён ужо болей не думаў пра тое, што яна хацела паставiць яму пастку. Ён ведаў, што гэта не так, бо яна вiдавочна хвалявалася, калi перадавала яму сваё пасланне. Напэўна, яна да смерцi спалохалася, i гэта зусiм зразумела. Нi на хвiлiну яму таксама не прыйшло ў галаву адхiлiць яе спробу зблiжэння. Усяго пяць дзён таму ён у думках разбiваў ёй галаву каменем, але гэта ўжо было не iстотна. Ён думаў пра яе пяшчотнае маладое цела, як ён бачыў яе ў сне. Раней яму здавалася, што яна такая самая, як i ўсе iншыя: галава забiтая хлуснёй i нянавiсцю, а цела - суцэльны кавалак лёду. Гарачка ахапiла яго, калi ён уявiў, што можа страцiць яе, што ў яго могуць адабраць гэтае маладое белае цела! Больш за ўсё ён баяўся, што, калi ён зараз жа не паспрабуе завязаць з ёй кантакт, яна можа перадумаць. Але тэхнiчныя цяжкасцi, звязаныя з сустрэчай, былi надзвычайныя. Гэта было як у шахматах, калi хочаш зрабiць ход пасля таго, як табе ўжо паставiлi мат. Куды нi павярнiся - адусюль сачылi тэлегляды. Ужо за першыя пяць хвiлiн пасля таго, як ён прачытаў цыдулку, ён перабраў у думках усе магчымыя спосабы звязацца з ёю. Цяпер, калi ён меў час паразважаць, ён яшчэ раз правяраў iх адзiн за адным, быццам раскладаў перад сабой iнструменты.
Вядома ж, сустрэча накшталт такой, што адбылася ранiцай, болей не магла паўтарыцца. Калi б яна працавала ў аддзеле дакументацыi, дык гэта было б адносна лёгка; але ён меў вельмi цьмянае ўяўленне, у якой частцы вялiзнага будынка быў аддзел мастацкай лiтаратуры, ды ў яго i не было нiякай нагоды туды пайсцi. Калi б ён ведаў, дзе яна жыве i а каторай гадзiне выходзiць з працы, тады б ён мог паспрабаваць сустрэць яе па дарозе дадому. Але спроба правесцi яе дамоў была небяспечнай, бо прыйшлося б чакаць перад Мiнiстэрствам, а гэта, напэўна, прыцягнула б увагу. Пра лiст па пошце таксама не магло быць гаворкi. Усiм было добра вядома, што лiсты перад дастаўкай распячатваюцца. Дый цяпер мала хто пiсаў лiсты. Для паведамленняў, якiя час ад часу прыходзiлаея рабiць, iснавалi адмысловыя паштоўкi з наборам сказаў, з якiх непатрэбныя выкрэслiвалiся. Ва ўсялякiм разе, ён не ведаў нават iмя дзяўчыны, не кажучы ўжо пра адрас. Урэшце, ён прыйшоў да высновы, што самым бяспечным месцам была сталоўка. Калi б яму пашчасцiла сесцi з ёй адной за столiкам дзесьцi ў сярэдзiне залы, не надта блiзка да тэлеглядаў i сярод шуму галасоў - дык хапiла б i паўхвiлiны, каб абмяняцца з ёй параю слоў.
Увесь наступны тыдзень жыццё здавалася яму кашмарным сном. На другi дзень яна з'явiлася ў сталоўцы толькi тады, калi яму трэба было выходзiць, бо ўжо прагучала сiрэна. Напэўна, яе перавялi ў пазнейшую змену. Яны мiнулi адно аднаго, нават не азiрнуўшыся. Яшчэ праз дзень яна была ў сталоўцы ў звычайны час, але разам з яшчэ трыма дзяўчынамi i якраз пад самым тэлеглядам. Пасля былi тры жахлiвыя днi, калi яна ўвогуле не з'явiлася. Яго розум i цела, здавалася, сталi звышадчувальнымi, ён зрабiўся нiбы празрысты, i кожны рух, кожны гук, кожны дотык, кожнае слова, што яму прыходзiлася вымавiць або пачуць, прыносiлi яму смяротныя пакуты. Нават у сне ён не мог цалкам пазбыцца яе вобраза. Гэтымi днямi ён не браўся за дзённiк. Калi ён i адчуваў якую палёгку, дык толькi ў працы, калi часам забываў пра свой смутак на цэлыя дзесяць хвiлiн. Ён не меў анiякага ўяўлення пра тое, што магло стацца з дзяўчынай. Нiдзе нельга было пра яе даведацца. Яе маглi выпарыць, яна магла скончыць жыццё самагубствам, яе маглi выслаць у другi канец Акiянii. Але найгоршым i самым верагодным было тое, што яна магла перадумаць i вырашыць болей з iм не сустракацца.
На другi дзень яна з'явiлася зноў. Рука была ўжо без перавязi, толькi стужка пластыру налеплена вакол запясця. Убачыўшы яе, ён адчуў такую палёгку, што не мог стрымацца, каб колькi секунд не паглядзець проста на яе, затрымаўшы позiрк. Яшчэ праз дзень яму амаль удалося з ёю пагаварыць. Калi ён прыйшоў у сталоўку, яна сядзела адна за столiкам даволi далёка ад сцяны. Было яшчэ рана, i зала была няпоўная. Чарга паволi рухалася наперад, Ўiнстан быў ужо каля стала раздачы, але тады чарга на дзве хвiлiны спынiлася, бо нехта наперадзе пачаў скардзiцца, што не атрымаў свой кавалачак сахарыну. Дзяўчына ўсё яшчэ сядзела адна, калi Ўiнстан схапiў свой паднос i пачаў прабiвацца да яе столiка. Ён iшоў да яе нiбы выпадкова, шукаючы вачыма месца недзе ў яе за спiнай. Да яе заставалася метры тры. Яшчэ дзве секунды - i ўсё будзе ў парадку. Раптам нехта паклiкаў ззаду: "Смiт!" Ён зрабiў выгляд, што не пачуў. "Смiт!" - паўтарыў голас гучней. Нiчога не зробiш. Трэба было азiрнуцца. Бялявы, дурнаваты на выгляд маладзён, якога звалi Ўiлшэр i якога ён амаль не ведаў, радасна запрашаў яго заняць вольнае месца за яго столiкам. Было неразумна адмаўляцца. Сустрэўшы знаёмага, ён не мог проста прайсцi мiма i падсесцi за столiк да выпадковай дзяўчыны. Гэта б адразу кiнулася ў вочы. Прыязна ўсмiхнуўшыся, ён сеў. Дурнаваты бялявы твар аж свяцiўся, i Ўiнстан у думках уяўляў сабе, як ён рубае гэты твар матыкай. Праз некалькi хвiлiн столiк дзяўчыны быў ужо заняты.
Але яна павiнна была заўважыць, як ён да яе iшоў, i напэўна зразумела яго намер. На другi дзень ён пастараўся прыйсцi раней. Вядома ж, яна сядзела за столiкам недалёка ад учорашняга i зноў была адна. Проста перад iм у чарзе стаяў нiзенькi, вёрткi, падобны да жука чалавечак з пляскатым тварам i недаверлiвымi вочкамi. Калi Ўiнстан з падносам у руках адышоў ад стойкi, ён убачыў, што чалавечак прабiваецца да столiка, дзе сядзiць дзяўчына. Яго надзеi зноў бурылiся. Было, праўда, яшчэ адно вольнае месца за столiкам, што стаяў трохi далей, але чалавечак, вiдаць, не збiраўся адмовiцца ад блiжэйшага i свабаднейшага столiка. Стаiўшы дыханне, Ўiнстан iшоў за iм. Ён мог пагаварыць з дзяўчынай толькi сам-насам, iнакш усё гэта не мела сэнсу. У гэты момант пачуўся жахлiвы грукат. Чалавечак бразнуўся на падлогу, паднос вылецеў у яго з рук, па падлозе расцяклiся два ручаi: супу i кавы. Ён устаў, кiнуўшы злосны позiрк на Ўiнстана, пэўна, падазраючы, што той падставiў яму нагу. Але на гэтым усё i скончылася. Праз пяць секунд Ўiнстан ужо сядзеў за столiкам побач з дзяўчынай. Яго сэрца было гатовае вырвацца з грудзей.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: