Неизвестно - Дубянецкі
- Название:Дубянецкі
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Неизвестно - Дубянецкі краткое содержание
Дубянецкі - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Усе 350 месцаў у зале былі заняты. У праходах таксама было цесна. Гэта пры тым, што цэлы тыдзень усё рабілася, каб сарваць святкаванне, каб зала была пустой. Запрашэнні не рассылаліся нават у выдавецтвы і рэдакцыі. Мне сказаў С. Андраюк, што ён спецыяльна званіў у СП, высвятляў, чаму не далі білеты. Адтуль сказалі – няма.
Мабыць, запрашэнні забралі “кампетэнтныя” таварышы. Але ж нічога. Хоць без іх, вядома, не абышлося, але зала была поўная і жыла ідэямі неўміручага Гаруна. Праводзілі б у оперным тэатры, было б тое самае, у Палацы спорту – таксама.
Апрача афіцыйных прамоўцаў, вершы чыталі і прафесійныя артысты. Было ж два аддзяленні вечара.
Некалі Алесь Гарун пісаў у вершы “Людзям”:
Скажу яшчэ чаго б хацеў:
З дзявочых вуст пачуць
Хаця б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця б калі-небудзь!
Сёння не адзін і не два ягоныя “сьпевы” прагучалі ў цудоўным выкананні вядомых спевакоў. Адгэтуль яны будуць гучаць, пакуль будзе жыць Беларусь. Шкада толькі, што не чуў і не пачуе іх Творца.
Узрадавалі прысутных і два самадзейныя калектывы са Шчучынскага раёна. Асабліва спадабаўся ўсім скрыпач. Гэта цэлы аркестр у адной асобе! Яго доўга трымалі на сцэне, часта выклікалі гучнымі воплескамі. Часткова поспех яго тлумачыцца “удасканаленнем” ім свайго інструмента: на скрыпку ён прымацаваў губны гармонік, якім эфектыўна карыстаецца. Мне здалося, што нават быў не адзін гармонік, а два.
Свята гэтае ўпрыгожыла выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выпусціўшы факсімільнае выданне Гаруновага “Матчынага дару” з 1918 года. Прыстойна зрабілі. Кнігу забяспечылі ахоўным дэкаратыўным суперам. На яго клапанах змешчаны партрэт Аўтара (42 х 58 мм) і слова Васіля Быкава (87 радкоў х 38 знакаў).
Серафім (Андраюк – рэд.) расказваў мне, што і цяпер цяжка ўсё гэта рабілася. Яшчэ сёння загадчыца вытворчага аддзела заявіла зранку на выдавецкай планёрцы, што кніга не выйдзе. Дырэктар абурыўся, распусціў планёрку і пачаў высвятляць справу. Гэта дало станоўчы вынік: да 18 гадзін (вечар – з 19-ці) паспелі зрабіць тысячу экземпляраў. Праўда, чамусьці без reraty. У аўтэнтыку ёсць жа лісток выпраўленых памылак. Не паспелі, а можа, яго не было ў Сачанкаўскім экземпляры, з якога рабілася факсіміле?
Не будзем ужо казаць пра тую затрымку з выпускам “Матчынага дару”, што нарадзілася яшчэ ў тым самым ЦК КПБ і Кадэбэ у адказ на маю спробу выдаць яго. Тады абмежавалася ўсё змяшчэннем добрай нізкі з гэтага зборніка ў альманаху “Дзень паэзіі – 1981” і маёй патаемнай падрыхтоўкай да самастойнага (!) на ўласную рызыку выдання яго ў 1985 годзе. Гэта ўжо далёкая гісторыя з часоў “застойных”. Але ж і цяпер, у перыяд “свабоды” і “дэмакратыі”, яшчэ і яшчэ раз пад лупай прачытваўся зборнік. Вядома ж, ён напалохаў тых чытальнікаў. Яны запатрабавалі “расказаць у Быкаўскім слове ўсю праўду пра Гаруна-антысаветчыка”. Быкаў прадумваў варыянты. Апошні з іх запатрабавалі ў ЦК. Чыталі там некалькі дзён тыя паўтары старонкі Бліскучага Слова Васіля Быкава. Яно іх, вядома, не задаволіла. Але ж мужны Васіль адмовіўся перарабляць. Ён палічыў, што звышдастаткова і таго, што ён вымушана напісаў: (Гарун вярнуўся ў Мінск) “Да канца разабрацца ў зменлівых і імклівых падзеях ён не здолеў. Адсюль вынікала непаслядоўнасць яго ідэйна-палітычных пазіцый”.
Гэта, запамятаем добра, не Быкаўскія словы. Быкаўскія – гэта гімн Гаруну і ганьбаванне тых, хто “несправядліва асудзіў яго на немату”. “Алесь Гарун – кажа аўтар прадмовы, – прабыў у немаце ўдвая больш, чым ён пражыў на свеце”. В. Быкаў звяртаецца да чытача з заклікам удумацца “ў гэтыя даўнія радкі, народжаныя самотай і горам – у іх нямала адзнак высокай людскасці і прагнай надзеі. Надзеі на нас, тых, каму наканавана часам жывіць лёс роднага краю, якому на сібірскай катарзе гэтак сардэчна і самазабыўна спяваў Алесь Гарун”. Цяперашнія цэрберы вымушаны былі “прапусціць” такое, каб не было скандалу ў эру перабудовы, бо перарабляць ужо не было калі.
Вось чаму атрымліваліся новая “затрымка” і стрэсавая сітуацыя ў выдавецтве і друкарні.
Удзельнікі ўрачыстасці выказаліся за вяртанне на зямлю Беларусі праху двух вялікіх яе сыноў – Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна. Сакратар ЦК у гэты момант разгублена пляскаў у далоні…
23 лютага 1988 года. Быў Сяргей Шупа. Прынёс мне сёлетні першы нумар “Маладосці”. Там – усе сем вядомых нумароў “Мужыцкае праўды”. Крыху пасядзелі, паразмаўлялі пра нашы беларускія справы. У прыватнасці гаварылі – пра мэтазгоднасць адаптацыі на сучасную беларускую мову Скарынаўскай Бібліі, пра іншыя беларускія Бібліі (Станкевіча…). Паціху перакінуліся на мой пераклад “Quo vadis” Г. Сянкевіча. Я выказаў сумненне наконт неабходнасці яго завяршэння. Ёсць жа беларускі пераклад Пятра Татарыновіча.
Сяргей, аднак, “супакоіў”, сказаўшы: па-першае, што добры выдавецкі густ патрабуе выпускаць і выпускаць шэдэўры ўсё ў новых перакладах, як мы робім цяпер, дзякаваць Богу, з “Панам Тадэвушам” вялікага Міцкевіча; па-другое, трэба даць беларускаму чытачу “Quo vadis” на яго мове, бо П. Татарыновіч няведама калі трапіць у яго рукі.
Мне падабаецца гэты юнак, і я з задавальненнем прэзентаваў яму свайго С.Жэромскага, з адпаведным подпісам.
29 лютага 1988 года. Атрымаў з Беластока часопіс “Kontrasty” Nr. 2 – 88 з маім інтэрв’ю Яну Чыквіну “Пра польскую літаратуру на Беларусі” (стр. 34 – 36).
Нарэшце цукровая эпапея завяршылася тым, чым і павінна была завяршыцца – увядзеннем картак. “Дамавая актывістка” Альбіна Рыгораўна Папачаніха выдала чатыры талоны на сакавік. Па кілаграму на кожнага члена сям’і. Кажуць, што так будзе да чэрвеня. А там нібыта падвояць норму з улікам сезонных патрэб. Дакаціліся бальшавічкі! А ў сябе на радзіме, там, у Расіі, яны ўжо даўно ўвялі карткі на шырокую наменклатуру харчовых прадуктаў і прамысловых тавараў.
Што ж, джына з бутэлькі выпусціла Расія. Ёй больш за ўсіх цяпер і дастаецца.
2 сакавіка 1988 года. Сяргей Дубавец і Алег Бембель. Якія розныя людзі! Але ж розныя яны толькі знешне, як бы мовіць, стылёва.
Адзін – журналіст, глыбокі, арыгінальны літаратурны крытык. Другі – вучоны і паэт, арыгінальны і шчыры ў абедзвюх гэтых іпастасях.
Але ж яны паводле сваіх поглядаў і памкненняў – браты і аднадумцы. Кожны перад усім за сваю мэту лічыць беларусізацыю (Алег яшчэ і хрысціянізацыю) Беларусі. Кожны самааддана, выракаючыся ўласных выгод, змагаецца за гэту святую справу.
Абодва пакутуюць ад улады за сваю зацятасць. Сяргея, напрыклад, тры гады трымалі ў ссылцы ў гомельскай газеце, не дазволіўшы асесці ў Мінску пасля атрымання універсітэцкага дыплома. Толькі нядаўна ён выцярпеў сабе права вярнуцца сюды. Алега праследуюць даўно і жорстка: выкінулі з партыі, спярша пазбавілі статуса навукоўца, перавёўшы ў лабаранты, а пасля зусім прагналі з інстытута. З лістапада мінулага года – ён беспрацоўны. Каб не судзілі за гэтак званае “тунеядство”, ён пісьмова прапануе свае паслугі то Саюзу мастакоў, то Саюзу пісьменнікаў. Ні там, ні там не адгукаюцца.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: