Алесь Марціновіч - Былое, але не думы
- Название:Былое, але не думы
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы краткое содержание
Былое, але не думы - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Вер не вер, ды гэта так
З праяўленнем нейкай містычнасці, ці нечага іншага, сутнасць чаго не магу ўсвядоміць на сённяшні дзень, я сутыкнуўся яшчэ і да гэтага, калі ў 2008 годзе паехаў у камандзіроўку на Піншчыну, каб пабываць у родных мясцінах найвыдатнейшай нашай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Акурат набліжалася 60-годдзе з дня яе нараджэння, і часопіс «Нёман», дзе я на той час працаваў намеснікам галоўнага рэдактара, вырашыў надрукаваць да гэтага юбілею некалькі матэрыялаў, у тым ліку і той, што я збіраўся напісаць пасля гэтай паездкі. Хацелася падрабязней расказаць пра Жэніну малую радзіму, згадаць пра вытокі яе творчасці. Ведаў, што ў школе, у якой яна некалі вучылася і якая цяпер носіць яе імя, ёсць музей, а ў музеі гэтым, няхай і невялікім, усяго ў адным пакоі, цікавая экспазіцыя, што падрабязна расказвае пра жыццё і творчасць знакамітай зямлячкі.
Уражанняў сапраўды было багата. Дый фактаў, якія дапамагалі глыбей спасцігнуць свет творчасці Янішчыц, у пэўнай ступені прыадкрыць яе феномен, сабралася шмат, таму ў Мінск вяртаўся ў добрым настроі. Не сумняваўся, што неабходны матэрыял напішу без асаблівай цяжкасці. Тым больш, што загадзя ўважліва перачытаў прыжыццёвыя кнігі паэтэсы, пазнаёміўся з аднатомнікам яе выбранага, пазначыў тыя вершы, што сваім зместам у той ці іншай ступені былі звязаны з роднымі мясцінамі Жэні, а таксама тыя, у якіх ажывалі непаўторныя палескія краявіды, воблікі людзей, якіх яна добра ведала і якія ведалі яе. Па прыездзе дамоў заставалася толькі так пабудаваць матэрыял, каб урыўкі з гэтых твораў арганічна клаліся ў ягоную сюжэтную канву.
Аднак калі сеў за камп’ютар, аказалася, што ўсё не так і проста, як падавалася мне. Здавалася б, усё ужо абдумана, ёсць кампазіцыйны план, які, між іншым, загадзя распрацоўваю рэдка, звычайна пішу так, як пішацца. На адным дыханні. Лёгка, нязмушана. Але цяпер не толькі гэтай лёгкасці не было, на маё здзіўленне ўвогуле ніяк не пісалася. І гэта пры тым, што, канечне ж, ведаў, пра што і як пісаць. У сувязі з тым, што са мною адбывалася, дазволю нават прывесці грубаватае параўнанне: «Разумны, як сабака, а слова сказаць не можа». У дадзеным выпадку напісаць.
Паколькі камп’ютар, прабачце, гвалціць я не збіраўся, то вырашыў пакінуць яго ў спакоі. На жаль, і наступны дзень не прынёс нічога пэўнага. Безвыніковым аказаўся і трэці... Між тым тэрміны здачы матэрыялу падціскалі, а я, як ні стараўся, ніяк саўладаць з сабой не мог. Сёе-тое, праўда, пісалася, але, калі перачытваў, яно мяне не задавальняла. Даводзілася зноў пачынаць з чыстага аркуша, дакладней з чыстага экрана манітора. Так я пакутаваў ці не цэлы тыдзень. І толькі ў суботу адчуў, што нарэшце ўсё зрушылася з месца. Пісалася лёгка, нават, калі крыху адпачываў, лавіў сябе на думцы, што, бадай, ніколі не было ў мяне такога творчага натхнення. Таму пад вечар асноўная частка матэрыялу была гатова. Я не сумняваўся, што заўтра абавязкова завяршу яго. Таму з чыстым сумленнем лёг спаць.
Толькі калі раніцой сеў за камп’ютар, аптымізм мой адразу знік. Больш за тое, я западозрыў штосьці няладнае. Калі ўключыў камп’ютар, на экране манітора праз некаторы час з’явіліся нейкія надпісы, якіх да гэтага я ніколі не бачыў. Зразумела, яны былі ні на рускай, тым больш ні на беларускай мове. Англійскую я не ведаю. Становішча ўскладніла тое, што я ўжо не адзін тыдзень быў адзін: сыны з жонкай паехалі адпачываць. Павінны былі вярнуцца толькі ў панядзелак. Тады малодшы, які ведае камп’ютар, як свае пяць пальцаў, і высветліць, што і да чаго. Але панядзелка я не мог чакаць, таму ў адчаі пачаў націскаць на розныя клавішы наўгад. На маё здзіўленне, праз пэўны час на экране зноў з’яўляўся той надпіс, які хацеў паведаміць мне штосьці важнае.
«А што, калі тое, што я набраў, сцерлася?» — ад гэтай думкі мне стала не па сабе. Яшчэ праз колькі хвілін трывога ўзмацнілася, паступова дасягнуўшы крытычнай мяжы. Я не знаходзіў сабе месца: «Маглі ж знікнуць і ўсе іншыя файлы?!» Я кінуўся шукаць флэшку, на якой, для падстрахоўкі, знаходзіліся некаторыя з іх. Але флэшкі не было. Ад бязвыхаднасці становішча, у якое трату я ў адчаі выцер з ілба пот. Усё, усё кату пад хвост! Не заставалася нічога іншага, як чакаць панядзелка. Менавіта ў панядзелку было маё ўратаванне, ці...
Панядзелак прынёс мне крах. Сын, калі ўзяўся высвятляць, што здарылася, спачатку, праўда, паспрабаваў мяне абнадзеіць:
— Можа, удасца яшчэ ўсё паправіць.
— Ты ўпэўнены? — мне ніяк не хацелася верыць, што адбылося непапраўнае, таму ўхапіўся за сказанае сынам, як за выратавальную саломку.
Ягор, аднак, ухіліўся ад прамога адказу.
— Пастараюся, — прамовіў ён няпэўна.
Я з нецярпеннем чакаў, калі ж гэтае старанне дасць нарэшце вынікі. Зразумела, такія, якія стануць для мяне жаданымі. Але сын мусіў мяне расчараваць:
— Згарэў вінчэстар...
Што такое вінчэстар, я не ведаў. Дый для мяне гэта было не істотным. Куды болей гаварыла іншае слова — згарэў.
Значыць...
— Усе файлы прапалі, — уздыхнуў сын.
— Няўжо нельга паправіць?
— Часам гэта ўдаецца, — у голасе Ягора ўсё ж гучала пэўная надзея. — Ёсць такія спецыялісты, пагляджу ў інтэрнеце аб’явы.
Спецыяліст, які ўзяўся дапамагчы, рады не даў. Хоць трохі мой настрой узняло тое, што калі я звальняўся з «Беларускай думкі», файлы, якія былі ў рэдакцыйным кам’ютары, сын перапісаў на сваю флэшку, а потым скінуў іх у свой камп’ютар. Калі паставілі новы вінчэстар, то з сынавага камп’ютара іх і перакінулі ў мой. Пасля гэтага заставалася спадзяванне, што ўсё ж знойдзецца мая флэшка. А знайшлася толькі праз нейкі тыдзень. І дзе б вы думалі яна «хавалася»? Ды неяк патрапіла ў шчыліну ў крэсле паміж сценкай і сядзеннем. І гэта прытым, што на гэтым крэсле я, калі працую за камп’ютарам, ніколі не сяджу. Тым больш флэшку на яго не кладу.
Гэтыя два прыклады, зразумела, можна патлумачыць проста як збег выпадковасцей. Прытым такіх, што адбыліся ў адзін і той жа час. Магчыма, і так. Мяне, аднак, у сувязі з гэтым насцярожвае тое, што яны супалі акурат тады, калі я пісаў артыкул пра Янішчыц. Таму і насцярожыла, што дзесяць гадоў да гэтага таксама адбылося такое, ад чаго вее нейкай містычнасцю. Зноў жа ў час юбілею Янішчыц. Толькі тады, як вядома, адзначалася 50-годдзе з дня яе нараджэння.
Каб жа толькі гэта
Прадстаўнічая пісьменніцкая дэлегацыя пасля наведвання Піншчыны вярталася ў Мінск. Час быў позні. Дый восень таксама стаяла позняя — нарадзілася ж Янішчыц 20 лістапада 1948 года. Да гэтай даты і былі прымеркаваны юбілейныя мерапрыемствы, што праходзілі ў яе на радзіме. Снег яшчэ не выпаў, але холад моцна даваў аб сабе знаць. Хоць гэта звычайная з’ява на стыку восені і зімы. Пры настылай зямлі, але не пакрытай яшчэ снегам, калі нават крыху падмарозіць, то халадэча такая, што на вуліцу лепей асабліва не паказвацца. А тут у аўтобусе, у якім ехалі пісьменнікі, нечакана заглох матор.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: