Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Название:....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў краткое содержание
....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Сёння цэлы дзень працаваў. Не хочацца працаваць, калі не верыш у патрэбнасць працы, калі рабіў бы яе па-іншаму, а тут соты раз чаўпеш тое самае. Дайшоў да 87-й стар. сцэнарыя. У нядзелю скончу, а добра было б – заўтра. Тады яшчэ кароткаметражку напісаў бы і падумаў аб плане Хрыста-аповесці, як змяніць другую палову.
Баюся, што сцэнарам і да аповесці смак сапсуў. А як бы напісаў без яго: з рогатам, слязьмі, думкамі. Эх… Добра, што ціха, што ніхто не звоніць, што круг ад лямпы падае на паперу. І на тым дзякуй.
14 лістапада. Нядзеля
Пазаўчора ўначы напісаў яшчэ “Каложу”. А ўчора ўстаў і ўбачыў на вокнах марозныя тропікі, а за акном – малады неглыбокі снег. Часткова менавіта гэты снег разбіў мне дзень.
Узяў і пайшоў у горад. Мароз, сонца гуляе ў снезе. Дарогаю ўбачыў хлопца на пагрузачнай машыне. Той думаў, як яму закаціць на яе рыдлёўку валун (дзеці “гулялі”, выкочвалі яго на дарогу, і ўжо мы з дзядзькам аднойчы адкацілі яго з асфальту).
Папляваў на рукі, закацілі камень, і шафёр паехаў паўз мяне, несучы яго, як клёцку на лыжцы.
Снег рыпіць, цёпла ад марозу, дрэвы, будынкі асветлены сонцам. Купіў паперы, папярос, кавы і вярнуўся дамоў.
Сеў за “Хрыста”. І зноў зрыў. Маці ўхітрылася спусціць кацёл. З непрывычкі, вядома. Шураваў, выкінуў попел і вугаль, зноў заклаў дроваў – і аж загуло. Зноў забіты час.
Тады сеў і як націснуў, дык да вячэры амаль скончыў, а пасля вячэры такі дабіў. Сёння толькі прагледжу ды, можа, скарачу. Аж лягчэй на душы.
Увечары прыйшлі старыя Гансоўскія. Дзед казаў, што заберагі на Дняпры вялікія, а пад мастом лёд лёг ужо таксама мастом.
Вечарам пачаў “Баладу аб звязаных і аб чалавечым “Даруй”. Не дапісаў і, упершыню за многія месяцы, да трох гадзін качаўся ў бяссонні. Сёння затое да дзевяцёх спаў і праспаў прыход Клятэцкага. А той дзядзьку ўгаварыў ісці на паляванне. І пайшлі яны ў шэры дзень і мароз аж пад Азярышча. Толькі вось вярнуўся, чырвоны і трохі на падпітку. Зайшлі да Васіля Кірэйшына, да бакеншчыка, і там трохі ўзялі.
Аб паляванні не шкадую. Збегаю сёння на Дняпро, пагляджу, як стыне. Не пайшоў, затое за ранак скончыў “Баладу”. Зараз сяду яшчэ за сцэнар, а вечарам, магчыма, накідаю план “Памяці” [28]. Так і не здолеў за гэты час у Рагачове накідаць план “Стужкі”, “Тараса на Парнасе” і аповесці аб “Хрысце”. Нічога, дараблю ў Мінску.
Паслязаўтра, відаць, паедзем. І трэба ехаць, і нічога асабліва цікавага тут узімку не будзе (гэта не летнія ловы на Дняпры), і, у той жа час, шкада рабочага настрою, які ў Мінску абавязкова сапсуюць.
15 лістапада. Панядзелак
Цярпець не магу двурушнікаў. І ўвогуле, і, асабліва, у гісторыі. Сённяшні – ён на далоні, а гісторык – спаймай яго: думаю так – і ўсё. Тут адзіны выхад – біць па сумленні, калі яно не дужа яшчэ скамянела.
На абмеркаванні дакладу Зайцава нейкі вучоны з яўрэяў выступіў і пачаў гаварыць нешта аб прагрэсіўнасці Расіі ў параўнанні з Заходняй Еўропай, прычым ледзь не з Гастамыславых часоў (між тым як і там, і там было сярэднявечча). І гэта ў той час, як у той жа Польшчы была хаця і шляхецкая, але дэмакратыя, а ў княстве Маскоўскім “подвизался” Ванька Крывавы з апрычнікамі. І ў гэтым, між іншым, была прычына, чаму спрэс праваслаўныя магнацкія роды Беларусі спачатку пацягнуліся прэч, пасля да Польшчы, а пасля, вядома (хто кароль, таго і вера), у каталіцтва. Лепей чужая вера, лепей да д’ябла, чым удзельнічаць у разгуле забойстваў, падазронасці і беззаконня (праўдзівей, парадку, калі закон – воля аднаго), удзельнічаць у тым дзікім Сораме, які зваўся Маскоўскім царствам. Гэта не зусім мая думка, але гэта верная думка.
“Іван малайчына. Ён, урэшце, зразумеў, што апрычніна – зло, і адмяніў яе, а апрычнікаў перабіў”. Лухта! Проста пачаў баяцца, ды й справу сваю яны зрабілі. Гэта з’явы аднаго парадку, што і разня штурмавікоў, якую ўчыніў Гітлер. І ўвогуле, магчыма, Іван – гэта Гітлер XVI стагоддзя. Адзін бараніў нованароджаны клас дваран, другі – усім вядома каго. Часы былі розныя, маштабы – таксама, але дзікае самавольства было аднолькавае і рабілася ў імя эліты, якая трымалася ліхаманкава за ўладу, дарваўшыся да салодкага жыцця. Паралеляў у гісторыі сотні, а імёны забітых “ты, господи, веси”.
Гісторыку таму, як яўрэю, і зусім брыдка было і не пасавала бараніць у корані рэакцыйную манархічную, у сутнасці, мураўёўска-карнілаўскую і толькі так-сяк пераліцаваную думку. “Рэакцыйнае” Беларуска-Літоўскае княства прыняло яўрэяў, калі іх гналі паўсюль, калі ў Ціролі выбухалі пагромы, а ў Кастыліі гарэлі вогнішчы. І жылі ягоныя супляменнікі тут не добра і не кепска, і з прывілеямі, і з паборамі, і з гвалтам (літаральна так, як і хрысціяне – беларусы, літоўцы, палякі – роўныя перад дэспатызмам, але спакойныя за сваю веру і ў 90 выпадках з сотні – за жыццё).
А пасля Іван прыйшоў у Полацак. І калі для праваслаўных і каталікоў паўтарылася проста трагедыя Ноўгарада, то для яўрэяў прыйшло знішчэнне. Трупы забілі ўсю Палоту, як глушаная рыба.
І ён пасля гэтага яшчэ распінаецца за “прагрэс”, смярдзючка такая. Цікава, як бы яму было несці тую “прагрэсіўнасць” на ўласных плячах, жыві ён у той час. Ды й хіба толькі ў той? Здарылася б зараз нешта страшнае – і ўсё. З падобных яму быў бы ідэальны матар’ял для раба.
Я яму гэта і сказаў. Шкада, што не дужа даходліва, спакойна, ясна і папулярна: галава балела.
Часам гэтая гнюсь прымушае проста фізічна балець маё здаровае пакуль (цьху-цьху-цьху!) сэрца. Урэшцэ, колькі ж гэта кіёў трэба абламаць аб чалавечую галаву, каб яна пачала думаць па-сапраўднаму, незалежна, як то ёй і належыць?!
Балбочуць аб тым, што пасля прыяднання Беларусі ад адной манархіі да другой – народы “маглі разам змагацца супраць імперыі за волю”. Міла. Не кажучы ўжо аб тым, что народ быў спрэс “царыст” – чаму не змагацца “супраць імперыі за волю” поплеч з народам польскім? Турэцкім? Нямецкім?
Вера? Дык мы ж адмаўляем яе, яна – “опіум”. Мова? У нас з палякамі яна таксама блізкая, а ў англічан і амерыканцаў у XVIII стагоддзі была, пэўна, больш падобная, чым зараз.
Калі гэта так – чаму было нашым сялянам не змагацца разам з французамі эпохі Напалеона? Страшэнна выгадна. Нават выгадней: такія рэспубліканскія традыцыі! Чаму, урэшце, было не падпарадкавацца Гітлеру? Рана ці позна нямецкі народ таксама раскусіў бы фашызм (як наш мужык – царызм – і, пэўна, раней, чым праз 125 год), і тады як выгадна было б разам змагацца. І, аднак, у першым выпадку Беларусь адказала Жарцамі, а ў другім – 360-тысячнай партызанскай арміяй.
Словам, як ні сумна, а гэта паўтарэнне сяк-так прыстасаваных для антыманархізму поглядаў паноў Крушавана, Пурышкевіча, Мураўёва, Карнілава, Каткова, Прудона (што датычыць гэтага пытання), Рыціха і Ко. Інерцыя мазгоў, якія працуюць з рыпам, якім лягчэй пераварыць старое, трохі пераліцаванае, чым падумаць і выпрацаваць правільнае, сваё. А можа, і горш, чым інерцыя. Гісторыя працуе не толькі па схеме: трагедыя – фарс. Яна працуе па сістэме паўтарэння: трагедыя – фарс – непрасвяцімая дурасць – аж пакуль не знойдзецца нехта, які замест дурасці дасць разумную думку і пераканае ў ёй усіх сумленных людзей.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: