Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў

Тут можно читать онлайн Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - бесплатно полную версию книги (целиком) без сокращений. Жанр: Прочая старинная литература, год 0101. Здесь Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте лучшей интернет библиотеки ЛибКинг или прочесть краткое содержание (суть), предисловие и аннотацию. Так же сможете купить и скачать торрент в электронном формате fb2, найти и слушать аудиокнигу на русском языке или узнать сколько частей в серии и всего страниц в публикации. Читателям доступно смотреть обложку, картинки, описание и отзывы (комментарии) о произведении.

Уладзімір Караткевіч - ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў краткое содержание

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - описание и краткое содержание, автор Уладзімір Караткевіч, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки LibKing.Ru

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)

....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў - читать книгу онлайн бесплатно, автор Уладзімір Караткевіч
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать

Ва ўсякім разе снег аж крычыць, месяц усё бязлітасным святлом залівае, цішыня, агеньчыкі. Словам, зіма, якой ёй належыць быць. Вечарам чытаў жыццё фра Тамаза Кампанелы.

І трэцяга ўвесь дзень пісаў і пачаў распісвацца. А вечарам пайшлі да Клятэцкіх, сядзелі там. Глядзеў першую серыю Грознага [44]. Трохі “опера ўдзень”. Ён, вядома, вялікі рэжысёр, але якая гэта хлусня гістарычна, як прыстасавана ўсё да кепскае сучаснасці Івана і Сталіна. Ужо гэтае вольнае абыходжанне з праўдай заслугоўвае таго, каб не лічыць Эйзенштэйна светачам. Бо светач – гэта не толькі вялікі майстра, а і ерэтык-праўдалюбца, і вялікі чалавек, які праўдай і гуманізмам саступацца не будзе.

Прыйшла ў галаву думка, што нядрэнна было б напісаць эсэ “Апрычнік на троне і “Жыціе святога Іаана” ў выкананні Сяргея Эйзенштэйна”. Другая серыя, вядома, шмат у чым цуд – але і там канечнае адценне некаторай праўды атрымалася хутчэй інстынктыўна, чым асэнсавана.

Учора таксама цэлы дзень пісаў. І распісаўся. Гэта вельмі пакутна: павараціць урэшце мазгі і душу на такі стан, падобны да натхнення. Часта гэтага нельга сабе дазваляць – з глузду з’едзеш і сэрца сарвеш. Пасля з месяц, як ачмурэлы, ходзіш. Але часам гэта рабіць трэба. Усё адно як трэба часам напіцца. Дайшоў да выйсця Хрыста з Гародні. Там пойдзе лягчэй. Напэўна.

Уначы ўсе сочым за катлом. Хто прачнецца, той і ідзе. Іначай замерзне труба, якая ідзе ў бак на гары. Выходзіш, падломіш шлак, насыпеш вугалю, а пасля стаіш ля акна, глядзіш у месячны снежны сад. Рэзкія чорныя цені на белым, іскрыць снег. Раніцаю месяц чырванее. І вось дзень. І неба ўжо зусім не зімняе: надышла вясна святла.

Сіняе-сіняе. І голыя дрэвы чырванеюць, як у Юона [45]. На вокнах марозныя сонечныя папараці. З вечара не можаш заснуць ад прадчування працы, думаеш, выдумваеш новыя хады, дэталі, слоўцы. І раніцаю яшчэ ў сне не церпіцца ўстаць.

Сёння зноў сонца і мароз. Раніцу загублю, так і быць. У лазню збегаю, вось што. Пахвашчуся венікам, каб аж галава ходырам пайшла. А там вярнуся – ды й за працу. І заўтра буду тое самае рабіць. Добра!

9 лютага. Серада

Тады ў суботу добра адхвастаўся. Пасля па моцным марозе прыехаў дадому. Бадзёрасць і сіла былі такія – гару б звараціў.

Працаваў, аднак, у той дзень нядоўга, хаця і вельмі добра. Вечарам, упершыню за гэты год, здаецца, прыйшлі вершы. Напісаў “Ўкруг месяца туманнае гало”. Як рэдка яны прыходзяць. Трэба шмат вольнага часу, лёгкі сум аб чымсьці, цвярозая галава і – далей ад жанчын, ад тых, каго не кахаеш, а – так. Такое можа ўзяць ад чалавека ўсё, і нават самую душу, усё захапіць на патрэбу сваю. Жаніцца, відаць, сапраўды, трэба або дужа рана, і тады, астыўшы, паспееш зрабіць многа, або тады, калі ўжо нікуды не варты, калі пачынаеш спісвацца. Тады можа здарыцца цуд.

У нядзелю працаваў. Пасля, зусім трошачкі, выпілі з дзядзькам, разгаманіліся, фотакарткі друкавалі. Пасля, зусім уначы, пісаў лісты.

Панядзелак і аўторак зноў шалёна працаваў. Хрыстос мой патроху ачышчаецца ад махлярства і скверны, робіцца чалавекам. Але столькі новых думак перад ім і мною, што шкада кідаць іх, запісваю, і аповесць пухне. Уласна, гэта ўжо раман у заходнім сэнсе.

Сёння таксама пісаў. Толькі пад вечар, каб хаця крыху праветрыцца, з’ездзіў у цэнтр, кінуў лісты і купіў папярос. Заўтра-паслязаўтра трэба адправіць на машынку другую порцыю. А там, яшчэ праз некалькі дзён, і канец.

Адтуль ішоў пешшу. Зайшоў на Дняпро. Марозны туман. Чалавек-кузурка цягне бязмежным ледзяным абшарам санкі з паклажай. Ішоў адтуль. Сцежкі ледзяныя, але шарон такі моцны, што на ім амаль не застаецца слядоў. Ідзеш гурбамі, і яны спяваюць пад нагамі. Вочы бачаць нібы прамыта, кроў гарачэе. А перад табой сілуэты дрэў і дамоў і марозны захад: малінава-дымны ля далягляду і расплаўленае золата – трохі вышэй.

14 лютага. Панядзелак

І дзясятага, і адзінаццатага працаваў. Даволі добра рушыў “Хрыста”. Ваюе з татарамі. Але думка, столькі сціснутая ў пракруставым ложы сцэнара, увесь час успамінае, як было задумана раней, да кіно, як было запісана ў заметках, і буяе, і расце, як хмель: прымусіць расці, як хочаш, нельга. Тады ж, адзінаццатага, пайшлі да Клятэцкіх. 11-га я ад “Хрыста” адарваўся і ўзяўся за эсэ для “Дня паэзіі”. Не скончыў у той дзень. Тэму ўзяў – роздум ля дуба Крывашапкі ў Данілегах.

Ішлі ад Д.І. (ён ехаў у Грузію) у снежную завею. І вось зноў ці адліга, ці вясна прыйшла. Плыве па вуліцах, снег сеў, зноў з’явіліся гракі.

12-га скончыў “Дуб Крывашапкі”. Чытаў яго дзядзьку. Нішто. Вечарам скончыў верш “Вуліцы”.

Учора была нядзеля. Напісаў два, па-мойму, неблагія раздзелы. Скончыў “Ежа дзеля мужчын”. Напісаў “Пятка не мае сораму” і “Саранча”.

Вечарам чытаў дэтэктыў. Дзіка спазняюся супраць плана. Сёння раніцай, у густым тумане, пайшлі з дзядзькам і Альмай на Дняпро. Прасек пешняю дзве пелькі і паставіў прылады на мянёў, яны ж калекі або балабы. Калі не ўкрадуць, то заўтра раніцай пайду пагляджу. Будзе нешта – яшчэ дзве палонкі праб’ю.

Працавалася кепска. Пайшлі з дзядзькам у горад, купілі фотапаперы, кавы і іншага. Цурчыць вада, туман, на голых дзедавых дрэвах кроплі. (Нядаўна сусед ссек вішню, якой было год семдзесят. Вядома, трэба, яна ўжо і не пладаносіла, але як убачыў – сэрца сціснула. Такая была прыгажуня.

Мала ўжо што засталося і ад дзеда. Пра прадзеда і ягонага бацьку і не кажу: на вякі будавалі – добра, калі фундаменты засталіся. Так і ад мяне год праз семдзесят.)

Туман і туман. Шумяць мокрыя дрэвы. Зноў сеў і працаваў, і зноў кепска. Не скончыў і аднаго раздзела “Віно ярасці”… Калі паспею – д’ябал ведае. Махнуў рукою ды пачаў з дзядзькам фота друкаваць.

15 лютага. Аўторак

Сёння зноў туман і дождж, і празрыстыя глыбокія лужыны. Ясна, што ніякіх мянёў, ды і ў горадзе, куды схадзіў на кароткі час, нічога добрага, толькі што пару фантастычных раманаў купіў. Дома буду чытаць. Або і ў Вільні.

Працаваў. Магчыма, і яшчэ пасяджу. Перарваўся, каб зрабіць маленькі запіс. Адарваўся на хвіліну ад паперы і ўспомніў, як у сотую гадавіну пакарання сядзеў на гары Гедыміна і глядзеў на горад, і як у снегавую завею хадзіў Мурамі, і які быў горад у дождж. Я часам так губляю розніцу паміж сваім часам і ягоным, што страшнавата.

Усё гэта неяк злілося ў адным. І ўспаміны, і ўяўленні аб тым, як яно магло быць сто год назад, і што, можа, надвор’е было такое, і сённяшні дождж (такі робіць Вільню страшэнна настраёвым горадам), і думкі аб тым, як яно будзе, калі вось хутка зноў паеду туды, і мо будзем стаяць з Адамам ля Яна ў дождж ці ў людской палаца Снядэцкіх. І вось, як тады, калі ўладкаваліся мы на суткі ў гасцініцу “Наруціс”, і як там пагана было, і мы ўцяклі, а я ўсё ж шкадаваў, бо муры былі пад намі, і ўсё здавалася, што не толькі спаймаеш настрой апошніх дзён, які я тады спаймаў, але і ўбачыш.

Читать дальше
Тёмная тема
Сбросить

Интервал:

Закладка:

Сделать


Уладзімір Караткевіч читать все книги автора по порядку

Уладзімір Караткевіч - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки LibKing.




....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў отзывы


Отзывы читателей о книге ....Трэба церабіць сваю сцежку Дзённік 1965-66 гадоў, автор: Уладзімір Караткевіч. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.


Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв или расскажите друзьям

Напишите свой комментарий
x