Віктар Карамазаў - Зямля Фердынанда
- Название:Зямля Фердынанда
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Віктар Карамазаў - Зямля Фердынанда краткое содержание
Зямля Фердынанда - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Шукаць новае нялёгка заўсёды, Яшчэ цяжэй, калі пошукі вучня не заўважае настаўнік. Фердынанд шукаў бемолевае святло, а Куінджы, геній святла, хоць і падказаў выдатны тон, ды не той, якім пакутаваў аўтар. Што ў гэтакім выпадку рабіць? Пагадзіцца з настаўнікам або шукаць далей сваё? Настаўнік, магчыма, палічыў, што вучню яшчэ не па сілах знайсці вельмі складаны тон і, ведаючы, які самалюбівы вучань, ягоны пошук нібыта не заўважыў, па сутнасці не падтрымаў, прапанаваў здаволіцца сваёй падказкаю? У Фердынанда стае рашучасці шукаць і адшукаць тую няўлоўную, здавалася, бемолевую гармонію ў прыродзе і на палатне. Куінджы здзіўлены, уражаны, абяззброены: "Рабіце як бачыце і адчуваеце. Я так спяваю, а вы - іначай".
Разам з настаўнікам Фердынанд шукаў і неба ў "Фаўне". Як быццам тое знайшлі, што трэба, але, застаўшыся адзін у майстэрні, у час адпаведнага, як на карціне, святла, калі вечарэла, Фердынанд ставіў карціну насупраць канапы, клаўся на канапу, каб быць на адным узроўні з Фаўнам, і глядзеў на мора ды неба ў карціне, бачыў усё роўна як вачыма Фаўна і ўсе настроі, музыку пейзажа адчуваў нервамі ды скураю свайго героя. Гэтак заўважаў штосьці яшчэ, чаго карціне не хапала. Падхапіўшыся, клаў новыя патрэбныя мазочкі, удакладняў танальнасць.
Бывала, што, працуючы, чуў за сцяной жаночы або жаночы і мужчынскі галасы. Тады, адарваўшыся ад карціны, ад Фаўна, блізка бачыў Лізу, быццам пісаў яе партрэт. Шкадаваў, што не адважыўся на гэта там, на моры, калі яна была з ім у лёгкай белай сукенцы, у адпаведным тону сукенкі капялюшыку з бежавай, пад колер прыгожых валасоў, стужкай, калі сядзела з кнігаю казак на каленях.
Аднойчы, думаючы пра Лізу, захацелася напісаць яе замест Фаўна. Прыйшоў Куінджы. Ледзь не прызнаўся яму ў гэтым сваім жаданні, але спахапіўся і сказаў не зусім тое:
- Я бачыў Фаўна ў сне іншым.
Настаўнік насцярожыўся:
- У іншым ракурсе?
- Іншым увогуле. Нават не Фаўнам.
- Не раю вам цяпер пра гэта думаць. Вы доўга яго выношвалі, і любы іншы атрымаецца на гэтага, што ёсць, падобным. Усё, амаль усё, што для карціны трэба, вы знайшлі.
Думка настаўніка, аднак, не супакоіла і Фердынанд сказаў, што ў пейзажы перад вечаровай зоркай не горш глядзелася б каханка Фаўна. Куінджы хітра прыжмурыў адно вока, як рабіў, шукаючы схаваную загадку вучня, другім уставіўся ў яго твар.
- Вы знайшлі прывабную мадэль?
Ён не любіў бачыць маладых мастакоў разгубленымі, нясмелымі, але грунтоўным вопытам псіхолага карыстаўся асцярожна, і тут, доўга не чакаючы адказу на сваё прамалінейнае пытанне, загаварыў як пра сябе:
- Мора!.. На ім і я пакутаваў неаднойчы, як быў малады. Яно на ўсіх нас гэтак дзейнічае. Яго ўбачыш і адразу чуеш прывабны жаночы голас, які жыве ў кожнай марской хвалі. Тут шмат сонца, волі, чысціні. Тут абуджаецца і гіне шмат сэрцаў маладых рамантыкаў...
Назаўтра, пасля той размовы, Фердынанд не падыходзіў да свайго Фаўна. Яшчэ праз дзень яго з мальберта зняў, паставіў "Трытонаў". У "Трытонах" таксама мора, яно было напісанае, але саміх трытонаў яшчэ шукаў. Меў малюнак з натуры маладога трытона, стары быў у эскізе, пасля пакут над кампазіцыяй была і падтрымка Куінджы: "Ну цяпер вы патрапілі..." Але настаўнік пакуль што ўсё бачыў паасобку: мора, грот, трытонаў. Чакаў, што скажа пра кампазіцыю, агульны тон і каларыт. Насцярожвалі сябры размовамі пра ўплывы Бёкліна. А як у працы над фантастычным сюжэтам абысціся без вопыту швейцарца, усімі прызнанага класікам жанру? Колькі разоў пераглядаў яго работы ў Эрмітажы, разварушваючы ў сабе энергію фантазіі, але ж і рысу пільнаваў, якую нельга пераступіць, як хочаш быць арыгінальным, самастойным. Найбольшая складанасць была ў тым, што трытоны - людзі і рыбы, вадзянікі з хвастамі, плаўнікамі: чаго ім, кожнаму, даць болей або меней, людскога або рыбінага, каб атрымалася карціна не толькі з жыцця марскога царства, Нептуна ды Галатэі, у свіце якіх трытоны, але і чалавеку блізкаю, цікаваю? Як абысці, працуючы над ёй, "Бітву кентаўраў" або "Пана" Бёкліна?
Убачыць у карціне, якую пішаш, адразу ўсё, што ў ёй павінна быць, не ўдаецца, увесь час, калі працуеш, узнікае штосьці новае перад вачыма, у думках, адчуваннях, кожны мазочак, настроі і дэталі залежаць ад мазкоў, дэталяў і настрояў іншых, ад таго, як тыя атрымаюцца пад пэндзлем. Ледзь напісаў-перапісаў адно - узнікае патрэба напісаць-перапісаць другое. Пільнуе вечнае сумненне: так ці не так адчуў, убачыў і зрабіў? А то здаецца: усё не так, як трэба. Адвернешся ад палатна як ад нялюбага, чужога, за іншае ўхопішся, але пра тое думаеш.
Да "Вясны" з палітрай ужо не падыходзіў, адно ўзяўся паўтарыць яе ў меншым фармаце для Куінджы. Калі закончыў і копію, прыйшоў Пурвіт, паставіў абедзве работы побач і доўга разглядаў іх, як параўноўваў адну з другой.
- Ну што тут скажаш? - развёў рукамі. - Рушчыц - сама вясна.
Фердынанд ніякавата адчуваў сябе, калі яму ў твар хвалілі яго работы, хвалы ні ад каго не чакаў, быццам не верыў у яе шчырасць, хоць увагу і павагу да сябе як да мастака цаніў заўсёды і нават патрабаваў, але цяпер перад ім быў Вільгельм Пурвіт, і, крануты яго шчырасцю, эмоцый не стрымаў: абхапіў і расцалаваў сябра. Калі ж той пайшоў, паставіў на мальберт "Вячэрнюю зорку" і плямку святла, якую доўга шукаў, знайшоў адразу.
Увечары, вярнуўшыся з майстэрні дадому, адчуў жаданне камусьці блізкаму выліць з душы радасць. Але каму? Побач ні мамы, ні Лізы, ні Вільгельма. Сеў за стол, разгарнуў сшытак і зрабіў запіс:
"16. 09.
Хачу яшчэ раз, іначай, намаляваць Фаўна. Малы эскіз зраблю ў іншым колеры".
3 падвышаным настроем пражыў і дзень наступны. Прыходзілі сябры, з яго майстэрні разносілі па Акадэміі сваё захапленне "Вясной" і "Фаўнам". Пад іх уплывам да Фердынанда завітаў і Рэпін. Асцярожна, як нечага асцерагаючыся, прачыніў дзверы, нячутна, мяккім крокам, пераступіў парог, агледзеўся, заўважыў на мальберце "Фаўна" і падышоў, ужо не азіраючыся, бліжэй. Фердынанд стаяў воддаль каля акна, вачэй з нечаканага госця не зводзіў, а той, быццам яго не заўважаючы, стаяў, не рухаючыся, перад карцінай. Нарэшце павярнуўся да гаспадара майстэрні і загаварыў:
- Цудоўная работа. Я пра яе чуў. Усе хваляць. I мне яна таксама падабаецца. Нават вельмі. Віншую вас. Але вы, кажуць, тут хочаце штосьці перапісаць? Я не раю. Вы занадта да яе прыгледзеліся. Гэтак бывае з кожным мастаком. Вам трэба на нейкі час пра яе забыць. - Перавёў позірк на "Вясну", якая стаяла збоку, і нечакана весела, зусім у іншым настроі, як малады, усклікнуў: - Этс!.. Таксама ўсё і свежае, і чыстае! - Над галавою выкінуў руку і пальцам паказаў на столь, пасля тым пальцам зноў на "Фауна": - А што?.. Магчыма, вы... - Як перадумаўшы, ніжэйшым голасам: - Не, усё ж не спяшайцеся. - Звярнуў увагу на "Трытонаў" і вусны скрывіў, паказытаў пальцам у носе, пачмыхаў: не спадабаліся. Заўважыў вышэй эцюды: - Арыгінальныя. - Вярнуўся да "Вясны" і разглядаў даўжэй, як першы раз. Спытаў: - Вы лічыце работу закончанай?
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: