Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
- Сяргей Сяргеевiч, ты далёкi ад нашых партызанскiх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якiх мы вялi барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднiкi. Нарэшце, такiя зайцы, якiя баялiся вушамi паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на вiду ўсё: хто герой, хто баязлiвец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбiраюся з гэтымi справамi...
"Нiчога ты не разбiраешся. Напiсаў за цябе IIIыковiч кнiгу, i ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную iсцiну", - падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:
- Памруць гiсторыкi, Сямён Парфёнавiч, калi ты захопiш манаполiю на ўсе даследаваннi.
Гукан зразумеў iронiю сакратара, i яна моцна апякла яго. Ён ажно адхiснуўся. Але зрабiў выгляд, што адвалiўся на спiнку крэсла, прыгладзiў рэдкiя валасы, адпарыраваў амаль весела:
- Ну, з Шыковiча гiсторык, як з мяне... паэт.
Тарасаў патушыў у попельнiцы папяросу i адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнiкi захацелi разгледзець адзiн аднаго з пэўнай адлегласцi.
- А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамi. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволi. А вось мыслiць паэтычна, шырока i вобразна... - Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, i ён падняўся да акна з намерам трохi пафiласофстваваць. Але Гукан зiрнуў на гадзiннiк i таксама падняўся:
- У мяне сустрэча з архiтэктарамi. Не хочаш папрысутнiчаць? Архiтэктура блiзкая да паэзii.
- Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самi не разабралiся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбiрацца.
- Дык што з гэтым? - зняважлiва кiўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.
- Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.
- Жывiцкаму пазванi, а то, чаго добрага, пад нацiскам напорыстага аўтара...
- Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.
Застаўшыся адзiн, Тарасаў доўга, задумлiва палiў каля адчыненага акна, разглядаючы вулiцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкi дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работнiца гаркома высветлiць нейкае пытанне - ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпiсаў паперы. Выйшла - павольна дачытаў гэтыя нейкiя паўтары старонкi на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф i зноў палiў каля акна.
Сказаў сам сабе сярдзiта:
- Этыка!.. Даволi такой этыкi! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.
Рашуча падышоў да столiка з тэлефонамi, набраў нумар.
- Жывiцкi? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнiкаў камунiстычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковiч у рэдакцыi? Папрасi яго зайсцi да мяне.
Спытаў адразу ж, як толькi прывiталiся:
- Што будзем рабiць, Кiрыла Васiльевiч?
- Трэба друкаваць, - пераканана адказаў Шыковiч. - Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткi людзей, якiя дагэтуль маўчалi. Не разумею, Сяргей Сяргеевiч, чаго мы баiмся.
- Мы нiчога не баiмся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?
- Такая публiкацыя - даволi распаўсюджаны i плённы метад пошукаў.
Тарасаў на хвiлiну як бы задумаўся. Потым энергiчна падышоў да сейфа, адчынiў яго, дастаў той дакумент, якi паўгадзiны назад перачытваў.
- Хачу паказаць табе яшчэ адзiн дакумент. Гэта з той папкi, з якой ты знаёмiўся ў Вагiна. Але тады я параiў гэта выняць.
Кiрыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лiсты, сашчэпленыя, i адразу чамусьцi глянуў на другую старонку, на подпiс. Дакумент быў копiя, i подпiс, як i ўсё iншае, надрукаваны на машынцы: "С.Гукан, былы камiсар партызанскай брыгады iмя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыi". Дата: 16/Х 1945 г.
Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекi. Яна пачыналася словамi:
"Мне стала вядома, што ў горад з Германii, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа i здраднiка, фашысцкага прыслужнiка доктара Савiча С.А. - Савiч Соф'я Сцяпанаўна".
Прачытаў гэта Кiрыла i адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скронi i ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.
Тарасаў як бы ўглыбiўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковiча.
У заяве характарызаваўся Савiч. Ён не толькi служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзiць, правакатар. Меў сувязь з некаторымi падпольшчыкамi. З адным з партызанскiх атрадаў, з якiм - не гаварылася. Але ў вынiку яго "падпольнай дзейнасцi" адзiн за адным правальвалiся i гiнулi нашы людзi, зрывалiся адказныя аперацыi. Падпольная арганiзацыя вынесла здраднiку i правакатару Савiчу смяротны прысуд.
Далей Гукан пiсаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку i "мела цесныя адносiны" з гiтлераўскiмi афiцэрамi, якiя ўвесь час кватаравалi ў "гасцiнным доме Савiча".
- Подласць! - злосна кiнуў Кiрыла, скончыўшы чытаць.
- Не абурайся. - Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамi. - Быў час усеагульнай звышпiльнасцi.
- Але ж можна было даведацца, з якiм "камфортам" яны вывезлi яе ў Германiю i дзе трымалi там.
- Гэта, бадай, можна было, але, вiдаць, не хапала часу. Мнагавата было такiх спраў.
Шыковiч прыпалiў i прагна зацягнуўся дымам.
- Дзякую, Сяргей Сяргеевiч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нiчога не сказаў пра тое, што Савiч быў звязан з падпольшчыкамi? З кiм канкрэтна? I з атрадам... З якiм? Не сказаў нi тады, калi мы пiсалi кнiгу, нi цяпер, калi я хадзiў да яго з запiскамi Варавы. Чаму?
- Вось i паспрабуй высветлiць чаму. У псiхалагiчным плане, - ледзь прыкметна ўсмiхнуўся сакратар гаркома.
- Можна сказаць яму пра гэта? - спытаў Кiрыла, працягваючы заяву Гукана.
- Лепш не адразу. Такi лабавы ход наўрад цi дапаможа знайсцi iсцiну.
- Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволiць пагаварыць з Савiч. Можа, яна што праяснiць.
Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зiхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзiну ракi. Яраш даў блешнi патануць, i плынь аднесла яе i леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круцiць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папiсквала.
Кiрыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спiнiнга ў мелкую ваду, з цiкавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.
"Зараз зачэпiць", - думаў ён пра сябра, пазiраючы, як той павольна круцiць - блешня паўзе па дне. Чамусьцi хацелася, каб Яраш зачапiўся i адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кiданне.
Сонца з-за ракi бiла ў вочы. Лёгкi вецярок шастаў лазнякi. Хацелася сесцi ў цянi пад стогам i пагутарыць.
Блешня Ярашава, не зачапiўшы нават нiводнай водарасцi, зайграла на мелi.
"Чорт!" - вылаяўся пра сябе Шыковiч.
Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закiнуў блешню i зноў моўчкi вёў з той жа задумлiвай павольнасцю. Кiрыла больш не вытрымаў:
- Чаму ты маўчыш?
- Я думаю, - адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьмiч. - Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робiш. Пасля твайго расказу...
- Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваiх заспiртованых мазгоў. Ты павiнен заўтра ж дазволiць мне пагаварыць з Зосяй!
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: