Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Название:Сэрца на далонi (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Иван Шамякин - Сэрца на далонi (на белорусском языке) краткое содержание
Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
"Кандыдат медыцынскiх навук хiрург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе..." Шыковiч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальнiка палiцыi малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара.
"Могуць сказаць, што Савiч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другiх фактаў - адзiн гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасцi доктара".
Шыковiч пераказаў дакументы, якiя знайшоў у архiве, - запiскi Варавы.
Была ў артыкуле i запiска, якую паказаў Сербаноўскi... Але чэкiст чамусьцi папрасiў пра яе пакуль што не ўспамiнаць. Шыковiч не стаў спрачацца. З яго даволi было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзiў яго Шыковiч амаль цалкам, так, як запiсаў на другi дзень свайго прабывання ў Загаллi. Там ён прачытаў гэты запiс Клаўдзi Сiдараўне, выправiў па яе заўвагах.
Вось тая частка артыкула.
"...У той дзень, калi ўступiлi немцы, у бальнiцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевiч, ды я. Усе разбеглiся. Нават хворыя паўцякалi, хто мог хадзiць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуiраваць iх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальнiцы?! Сцяпан Андрэевiч сказаў мне тады:
"Застанемся, Клаўдзя Сiдараўна, на сваiм пасту. Толькi баязлiўцы пакiдаюць пост у цяжкi момант", - i прызначыў мяне старшай сястрой. З таго дня ўся бальнiчная гаспадарка была на мне.
Хутка самi немцы пачалi прывозiць нам хворых. Яны вельмi баялiся эпiдэмiй розных. Загады пiсалi адзiн за адным. Тады вярнулiся некаторыя з нашага персаналу. Лекараў, праўда, мала, больш сёстры ды санiтаркi. Лекар адзiн новы прыйшоў. Малады, худы, як жардзiна, у акулярах. Макейчык яго прозвiшча было. Ды я адразу ўбачыла, што ў хваробах ён нiчога не разумее i вельмi баiцца хворых, каб не заразiцца. Сказала я пра гэта Савiчу, а ён мне ў адказ:
"Не звяртайце ўвагi. Назначэннi яго сам буду правяраць. Вам раю: асцерагайцеся гэтага чалавека. Нiчога не выказвайце пры iм".
Тады я раскумекала, што да чаго i што гэта за глiста такая ў нас завялася.
А неяк увосень ужо выклiкае мяне Савiч i кажа:
"Во, Сiдараўна, штат ваш папаўняю. Бачыце, якiя хлопцы!"
Хлопцы добрыя. Двое. Адразу бачу - не абкружэнцы. Абкружэнцы былi ўжо ў нас. Скура ды косцi. Каторых мы лячылi, каторых проста падкармлiвалi. А гэтыя абодва ў целе. Толькi адзiн, Лёша, бараду адпусцiў. А ў другога, Ванi, дык яна, мабыць, не расла яшчэ. Чаго гэта, думаю, такiя хлопцы да нас у заразную пруцца? Дурнi. Праўда, Лёша гэты як адкрыў рот, дык, можа, хвiлiна прайшла, пакуль слова сказаў: заiка такi. Яго Сцяпан Андрэевiч прызначыў ездавым дровы прывозiць, мёртвых адвозiць на могiлкi. А Ваню - санiтарам. Ён як дзяўчынка быў, маладзенькi, беленькi i ручкi белыя, да чорнай работы нязвыклыя. Шкада мне яго было. Дзiцятка горкае, што цябе прымусiла за заразнымi прыбiраць?
А дзён праз колькi клiча мяне Сцяпан Андрэевiч, зачыняе дзверы ў сваiм кабiнеце i кажа шэптам:
"Сiдараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкi Ваню".
Я не зразумела адразу, завялася:
"Навошта яму ключ? Не дам я нiкому ключа".
Ён - галоўны лекар i мог загадаць мне, а ён просiць ласкава так:
"Зразумейце, Сiдараўна. Гэта вельмi патрэбна".
Тады я i пытаюся ў яго:
"Скажыце мне, Сцяпан Андрэевiч, хто гэтыя хлопцы?"
"Я нiчога ад вас не таю, Сiдараўна, - адказаў ён. - Гэта разведчыкi савецкiя. Iм трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалi вашу кладоўку".
Кладоўка для бялiзны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчалiся iзалятары.
На другi дзень ранiцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша i кажа цiхенька, але хуценька, нiколечкi не заiкаючыся: "Дзякую, кажа, Клаўдзя Сiдараўна. Утульная ў вас мясцiнка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта".
Пасля я ведала, што яны перавозiлi i пераносiлi рацыю сваю ў розныя мясцiны. Каб не засеклi iх.
Сцяпан Андрэевiч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаялiся: да немцаў падлiзваецца. Некаторыя нават кiнулi працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальнiцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальнiцай загадвала яго намеснiца Вакулава, Раiса Сяргееўна. Яна i да вайны ў нас працавала, у дзiцячым аддзяленнi. Не старая яшчэ была, ды ў першыя днi вайны яе сына забiла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасiвела. Белая-белая была. I маўклiвая. Рэдка слова ад яе пачуеш.
Раiсу Сяргееўну гестапа схапiла ў тую ноч, калi забiлi Савiча. Тады шмат каго з нашых арыштавалi. Аптэкарку Надзю (прозвiшча не помню ўжо), Васю Адзiнца, шафёра санiтарнай машыны; Сцяпан Андрэевiч, калi пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальнiцы. Грузавiчок з будкай. Здымалi будку, вазiлi дровы з лесу, бо са склада немцы не давалi. Добра ведаю, што i ў лес машына пустая не хадзiла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера - прытулак у нашай бальнiцы меў. Ачуняе, падкормiцца чалавек - i ў лес. Я такiм вопратку знаходзiла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раiса Сяргееўна папрасiла купiць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна - не як Сцяпан Андрэевiч - не з адкрытай душой. Яна быццам i не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевiч вунь каго мне даверыў - разведчыкаў! Ды i не толькi разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне "хворага" - лысага чалавека з вясёлымi вачамi. Прывёз тады, калi Савiч у бальнiцы быў. З машыны яго ссаджвалi, пад ручкi вялi, як напраўдашняга хворага. А паклiкаў мяне Сцяпан Андрэевiч да сябе, гляджу: "хворы" гэты ходзiць па кабiнеце, гладзiць лысiну i весела смяецца, падмiргвае. Доктар таксама ўсмiхаецца:
"Трэба, кажа, Клаўдзя Сiдараўна, гэтага хлопчыка памясцiць у бокс у дзiцячае аддзяленне".
А той смяецца:
"Вы мяне коклюшам не заразiце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць".
"Дайце, - кажа мне Сцяпан Андрэевiч, - на сённяшнi вечар якое-небудзь заданне вартаўнiку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабiце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самi падзяжурце за яе".
Я ўсё зрабiла як трэба. У той вечар яны доўга раiлiся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевiч, Раiса Сяргееўна, Вася Адзiнец i яшчэ тры цi чатыры незнаёмыя мужчыны, якiх прапусцiў Лёша".
Я хачу перапынiць расказ Клаўдзi Сiдараўны, каб паведамiць чытачам, што Пракоп Варава, камандзiр, пасля камiсар атрада iмя Чапаева, запiскi якога я знайшоў у архiве, быў лысы i вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабiста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамi прыходзiў не хто iншы, як Варава.
Памер газетнага артыкула не дае магчымасцi прывесцi расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загiнулi Лёша i Ваня. Прозвiшча аднаго з iх было Калуноў, але каторага жанчына, на жаль, не помнiць, ды наўрад цi было гэта сапраўднае прозвiшча. Iх схапiлi на могiлках, яны вялi перадачу з каплiцы. Напэўна, гэта пра iх пiсаў у сваёй запiсцы Варава.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: