Натали Саррот - Трапiзмы (на белорусском языке)
- Название:Трапiзмы (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Натали Саррот - Трапiзмы (на белорусском языке) краткое содержание
Трапiзмы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Саррот Натали
Трапiзмы (на белорусском языке)
Наталi Сарот
Трапiзмы
Пераклад: З.Колас
I
Быццам крынiчныя ручаiнкi, яны цяклi адусюль, нiбы нараджалiся з цёплага, трошкi волкага паветра, плылi мякка, нiбы сачылiся са сцен, з увабраных у краты дрэў, з лаваў, сквераў, бруднага тратуара.
Памiж нежывымi фасадамi дамоў яны выцягвалiся доўгiмi цёмнымi гронкамi, перад вiтрынамi крамаў, сям-там, збiралiся ў шчыльныя, нерухомыя згусткi i часам пачыналi цiха круцiцца, цiха, як вiр, калi плынь натыкаецца на перашкоду.
Ад iх веяла нейкiм дзiўным спакоем, нечым накшталт безнадзейнага, адчайнага задавальнення. Яны ўважлiва разглядалi стосы сподняй адзежы на выставе бялiзны, адмыслова складзеныя ў выглядзе снежных гор, цi ляльку, у якой вочы i зубы праз аднолькавыя iнтэрвалы загаралiся i тухлi, загаралiся i тухлi, загаралiся i тухлi, увесь час праз тыя самыя iнтэрвалы, зноў загаралiся i зноў тухлi.
Яны доўга глядзелi, стаялi тут, перад вiтрынамi, нерухомыя, загiпнатызаваныя, як ахвяра, увесь час адкладаючы яшчэ на iмгненне той час, калi трэба будзе iсцi. I маленькiя цiхiя дзеткi, што трымалi iх за руку, ужо стомленыя ад глядзення, няўважлiвыя i цярплiвыя, чакалi, стоячы каля iх.
II
З вялiкаю неахвотай яны адрывалiся ад люстраных шафаў, у якiх вывучалi свой твар. Яны падымалiся з ложкаў. "Снеданне на стале, снеданне на стале", гукала яна. Яна збiрала сям'ю на сняданак. А яны хавалiся, кожны ў сваiм берлагу, нелюдзiмыя, злосныя, змораныя. "Ды што гэта з iмi, чаму ў iх заўсёды такi зняможаны выгляд?" - казала яна, калi гаманiла з кухаркай.
Яна гаманiла з кухаркай гадзiнамi i завiхалася ля стала, увесь час завiхалася, раскладала iм порцыi, стравы, гаманiла i крытыкавала тых, што прыходзiлi ў дом, iх сяброў: "...а ў той валасы яшчэ пацямнеюць i будуць, як у яе мацi, простыя; шанцуе, шанцуе тым, каму не трэба рабiць перманент". - "У паненкi прыгожыя валасы, - казала кухарка, - густыя, прыгожыя, хоць i не кучаравыя, праўда". - "А той - я нават не ўпэўненая, каб ён вам нешта пакiнуў. Яны скупыя, усе скупыя, хоць i маюць грошы, маюць, вось што агiдна. I нiчога сабе не дазваляюць. Не, я гэтага не разумею, не". - "О, што вы! - казала кухарка. - Ды не. Не знясуць жа яны iх з сабой. А iх дачка? Яна ж дагэтуль яшчэ не замужам. А яна сiмпатычная, у яе прыгожыя валасы, маленькi носiк i ногi - таксама зграбныя". - "Ага, ага, прыгожыя валасы, што праўда, то праўда, - казала яна, - але яе нiхто не кахае, разумееце, яна не падабаецца. Вось ужо сапраўды дзiва!"
Ён адчуваў, як з кухнi сачылася брудная, прымiтыўная, зашмальцаваная думка, i тапталася, i тапталася ўвесь час на адным месцы, увесь час на месцы, круцiлася ваўчком, ваўчком, нiбы ў iх круцiлася ў галаве, а яны не маглi спынiцца, нiбы iм было млосна, а яны не маглi спынiцца, як тады, калi грызеш пазногцi, як тады, калi кавалкамi абдзiраеш апечаную скуру, як тады, калi чухаешся ў крапiўнай лiхаманцы, як тады, калi круцiшся ад бяссоннiцы ў ложку каб было прыемна i адначасна - балюча, пакуль не зняможаш, пакуль не зойме дыхання...
"А можа, у iх усё iначай", - думаў ён i прыслухоўваўся, лежачы ў ложку, а iхняя думка, нiбы клейкая слiзь, зацякала ў яго, лiпла, напаўняла яго з сярэдзiны.
Рабiць не было чаго. Не было чаго. Унiкнуць было немагчыма. Паўсюль, пад самымi рознымi кшталтамi, "здрада" ("А сонейка сёння здрадлiвае, - казала кансьержка, - здрадлiвае, толькi i чакай, што падхопiш хваробу. Вось так i мой муж, нябога, аж ён здароўе шанаваў..."), паўсюль "здрада", нават у выглядзе самога жыцця, праглынае з лёту - калi прабягаеш паўз кансьержчын закутак, калi адказваеш па тэлефоне, калi сядзiш за сямейным сняданкам, запрашаеш сяброў, пачынаеш гаворку з кiм-небудзь.
Iм трэба адказваць, падбадзёрваць iх, мякка, ласкава, i галоўнае галоўнае не даваць iм адчуць, не даваць iм на iмгненне адчуць, што лiчыш сябе iнакшым. Гнуцца, гнуцца, скручвацца ў нуль. "Але, але, ага, так, праўда, вядома", - вось што iм трэба казаць i глядзець прыязна, пяшчотна, iначай - усё паляцiць, паламаецца, раздзярэцца, здарыцца нешта зусiм нечаканае, жудаснае, нешта такое, чаго нiколi яшчэ не было, i гэта будзе жахлiва.
Яму здавалася, што тады, у раптоўным прылiве дзейнасцi i сiлы, ён iх страсяне на ўсю моц, як старыя завэдзганыя анучы, скруцiць, раздзярэ i знiшчыць ушчэнт.
Але адначасна ён ведаў, што такое ўражанне, вядома, падманлiвае. Раней чым ён паспее на iх навалiцца - яны, з тым беспамылковым абарончым iнстынктам, з тою гнуткаю жывучасцю, у якой крыецца iх небяспечная сiла, павернуцца да яго i - ён нават сам не ведае як - адразу заб'юць.
III
Некалi яны прыехалi сюды i пасялiлiся недзе на тых маленькiх спакойных вулачках, што за Пантэонам, можа, на вулiцы Гей-Люсака, а можа,i на Сэн-Жак, у кватэры з вокнамi, што выходзяць на цёмны двор, але даволi прыстойнай, з камфортам.
Тут яны маглi сабе гэта дазволiць, гэта - i свабоду рабiць, што захочуць, хадзiць, дзе захочуць, у любых, самых нязграбных строях, з любым выразам на твары, гуляць па гэтых цiхiх маленькiх вулачках.
Тут ад iх не патрабавалi нiякага ўмення трымацца, нi супольнасцi з iншымi, нiякiх пачуццяў, анi ўспамiнаў. Iм гарантавалася забяспечанае i адначасова пустое жыццё, падобнае да пачакальнi на бязлюднай прыгараднай станцыi, голай, шэрай i цёплай залы з драўлянымi лавамi ўздоўж сцен i чорнаю печчу ў цэнтры.
I яны былi задаволеныя, iм падабалася тут, яны адчувалi сябе амаль як дома, былi ў добрых адносiнах з панi кансьержкаю, з малочнiцай, аддавалi адзенне ў чыстку ў самую добрасумленную i самую танную пральню ў квартале.
Яны нiколi не старалiся прыгадаць тую вёску, дзе калiсьцi гулялi ў дзiцячыя гульнi, нiколi не старалiся ўспомнiць колеры i пахi таго мястэчка, у якiм раслi, яны нiколi не адчувалi, каб у iх раптам узнiк, - калi яны крочылi па вулiцах свайго квартала, разглядалi вiтрыны крамаў, пачцiва вiталiся з кансьержкаю, праходзячы мiма яе закутка, - яны нiколi не адчувалi, каб у iх памяцi ўсплыў той родны мур, за якiм кiпела жыццё, цi брук на двары, моцны i адначасова пяшчотны, цi ласкавыя прыступкi на ганку, дзе яны сядзелi ў дзяцiнстве.
На лесвiцы ў сваiм доме яны сустракалi часам "суседа знiзу", выкладчыка лiцэя, што вяртаўся пасля заняткаў, а чацвёртай гадзiне, з двума сваймi дзецьмi. Ва ўсiх траiх у iх былi доўгiя галовы з бясколернымi вачыма, гладкiя i блiскучыя, як вялiкiя касцяныя яйкi. Дзверы ў iх кватэру на iмгненне прачынялiся i прапускалi iх усярэдзiну. Было вiдаць, як яны ступаюць на маленькi лямцавы каберац на паркеце каля ўвахода - i моўчкi знiкаюць у цёмнай глыбiнi калiдора.
IV
Яны балбаталi нешта ледзь выразнае, бегаючы вачыма, нiбыта стараючыся выказаць нейкую тонкую, далiкатную думку, але не знаходзячы слоў.
Ён iх падганяў: "Ну чаму? Чаму? Чаму гэта я эгаiст? Чаму мiзантроп? Ну, скажыце, скажыце?"
У душы - яны ведалi - яны гулялi ў гульню, трымалiся яе правiлаў. Часам iм пачынала здавацца, што ў руцэ ў яго нейкая палачка, якую ён нi на хвiлiну не выпускае, каб камандаваць iмi, якою ён паволi ўзмахвае, каб iмi кiраваць, як балетмайстар. Гоп-гоп-гоп! - яны танчылi, кружылi, круцiлiся, дзе трэба з натхненнем, з веданнем справы, але нiбыта застаючыся на пэўнай адлегласцi, нiбыта нiколi не пераходзячы тае забароннае рысы, за якой яму можа не спадабацца.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: