Уладзімір Дамашэвіч - Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям
- Название:Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:0101
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Уладзімір Дамашэвіч - Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям краткое содержание
Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Янка разумеў, што спрэчка можа перарасці ў сварку паміж маткаю і дачкою, бо ён ужо трохі ведаў іх натуры: маткі, па расказах Рагнеды, а самой Рагнеды — па сумесным, хоць яшчэ і нядоўгім жыцці. Яны абедзве вельмі катэгарычныя, гарачыя і крыўдлівыя, іх можна угнявіць не так сказаным словам, таму ен рашыў перахапіць ініцыятыву:
— Рагнеда, ты дарэмна спяшаешся з помнікам, трэба абгаварыць гэтае пытанне спакойна. Маму нам не трэба турбаваць, у яе хапае і сваіх клопатаў, а мы павінны параіцца з Рагаткінымі, і я лічу, што яны не адмовяцца на нейкія там расходы, бо гэта і іх святы абавязак.
Маці прамаўчала, а Рагнеда не ўтрымалася, каб не кінуць некалькі камянёў у агарод свае сястры Альбіны.
— Ой, не ведаю, ці Альбіна пойдзе на такую ахвяру. Ёй усё нечага не хапае, яна думае толькі, каб накарміць-напаіць сваю сям’ю, а там — хоць трава не расці. Што ёй да помніка бабе Мар’і — ці ён ёсць, ці яго няма.
Цяпер ужо маці не магла стрымацца, каб не абараніць малодшую дачку. Яна ўскіпела, з-пад ілба глянула на Рагнеду.
— Не падлічвай чужыя грошы, дачушка, гэта неэтычна. Ніхто не вінаваты, што ў цябе іх менш, як у іх. У каго варыць лепш галава, той больш і мае. А табе я памагала не менш, чым ёй, табе я і дзяцей пагадавала, бо табе ўсё не было калі, ты ўсё на рабоце прападала, а што ты вельмі мела з тае медсястрынскае зарплаты? Я не пярэчу, помнік трэба паставіць, але ў мяне лішніх грошай няма, хай яна мне даруе, мая свякроў.
— Ой, мама, не будзем падлічваць, каму ты больш гадавала дзяцей — мне ці Альбіне, дзякуй табе за гэта, але таго, што я перажыла, Альбіне і не снілася. А яна мне нават у малым не памагала, нават у дробязях. Памятаю, яны пераехалі з Цюмені ў Мінск, пакуль знайшлі кватэру, жылі ў мяне. Аднойчы Альбіна купіла сетку бананаў, стала карміць сваіх дачушак, а маім хлопцам нават па банане не дала. А потым пасярод ночы будзіць мяне: ратуй, у дзяцей жываты баляць, яны ванітуюць, ты ж медык... Знайшла я ў сябе фталазол, яшчэ нешта, дала дзецям, супакоіліся яны... А туфлі? Ты купіла мне туфлі на дзень нараджэння, яны аказаліся цесныя, я хацела іх прадаць ці памяняць, а Альбіна забрала — і мне хвігу, ёй падышлі...
— Гавары што хочаш, але табе да Альбіны далёка. Ты ўвесь час хочаш яе ачарніць, а ты б лепей у яе жыць павучылася. Яна жыве на адну мужаву зарплату і сям’ю з чатырох душ корміць і апранае. I ў яе хапае. А ў цябе і таго няма, і гэтага, заўсёды я павінна табе дапамагаць, — не стрымалася маці.
— Яна жыве на адну палкоўніцкую зарплату, ды яшчэ на тваю гаспадарку, на тваю пенсію — і ёй ўсё яшчэ мала. I ты верыш, што яна бяднейшая за мяне, што ёй трэба даць бульбы, яблык, агародніны, каб хаця яны не галадалі? — пыталася Рагнеда.
— Я не гэтулькі магу расказаць пра цябе, але не буду пры Янку, бо сорамна стане і табе, і яму. Яшчэ раз кажу: не вучы мяне жыць, я ўжо вучаная, глядзі, каб сама ў дурнях не засталася. Чаго ў цябе першы муж піў? Ты забылася? Глядзі, каб і другі не пайшоў па яго слядах, не ў крыўду Янку будзе сказана.
Яна завярнулася і пайшла ў хату, пакінуўшы іх адных.
Янка і Рагнеда яшчэ пастаялі на ганку, не ведаючы, куды кіраваць, ды рашылі, што сказанага даволі, каб зрабіць для сябе пэўныя высновы.
— Будзем лічыць, што гутарка павінна мець нейкі пазітыўны зрух. Хоць яна і не была надта прыемнаю для абодвух бакоў. Як ты лічыш, Рагнеда? — звярнуўся Янка да жонкі.
— Праўда не заўсёды прыемная рэч, яна вочы коле, — адказала Рагнеда. — Але без яе, як без паветра, нельга жыць. Яна патрэбна.
На гэтым яны і скончылі доўгую размову.
VIII
Панядзелак выдаўся зранку пахмурным, і куды паверне — на пагоду ці на дождж — цяжка было вызначыць. Снедалі на кухні, маці выгаворвала ім, што ўчора не купілі хлеба. Пра ўчарашнюю спрэчку нешта не гаварылі, як асцерагаліся, каб не было працягу.
Настрой адпавядае пагодзе, ці пагода настрою, — вырашыў Янка. Але трэба брацца за работу, то і настрой можа паправіцца — і пайшоў секчы дровы. Доцікі, пакалкі, аполкі, цурбаны сек і калоў, скідаў у кучку, а потым, як збіралася шмат, насіў у адрыну і складаў ля высокай сцяны, каб прасыхалі. Секчы дровы ён любіў, гэты занятак ведаў з маленства, як толькі мог моцна трымаць сякеру ў руцэ, каб яна часам не вырвалася і не параніла ног. Такіх здарэнняў у яго не было, толькі аднойчы, ужо дарослым хлопцам, ён рассек сабе насок левага бота, а каб гэта вясною, ды быў босы, дык меў бы добрую цацку.
Калі ўсё гладка ішло, дык і час ляцеў непрыкметна, толькі правая рука рабілася нейкая цяжкая і непаваротлівая, не такая, як напачатку. Секучы, думаў пра рукапіс, які ён па вечарах ужо пачытваў. Знаходзіў шмат вучнёўства, неспрактыкаванасці, браку прафесіяналізму. Занадта смелыя яны хлопцы, што ўзяліся за такую «тоўстую», вялікую працу. Дзеянне разгортвалася паралельна: у Савецкім Саюзе і ў гітлераўскай Германіі. Тут паказвалася жыццё рабочай сям’і недзе ў Кіеве, дзе галоўны герой працуе на заводзе «Арсенал», вырабляе гарматы, а ў Германіі — эмігрант з Расіі, які тут ужо мае сваю справу, займаецца гандлем, мае нейкае дачыненне да вярхоў трэцяга рэйху... Нешта як бы падобна на тое, што мы бачылі ў кіно, у «Семнаццаці імгненнях»...
Янка не злараднічаў, што вось дзівакі ўзяліся не за сваё, таму і вынік адразу відзён... Не, яму было проста шкада людзей, якія патрацілі шмат часу, думалі нешта змайстраваць, спадзяваліся на поспех... Яшчэ цяжка сказаць, як пойдзе далей, мо там яны ўбяруцца у сілу, падвучацца, авалодаюць майстэрствам — і атрымаецца нешта такое, што варта надрукаваць.
У Янкі ўжо быў вялікі вопыт у гэтым плане, на яго вачах вырасла некалькі пакаленняў маладых празаікаў — а пакаленне ён лічыў дзесяцігоддзем. I, як правіла, усе пачыналі з апавядання, рэдка хто з аповесці, тым болей — з рамана. Літаратурная творчасць падобна да любой іншай работы, прафесіі. Перш за ўсё трэба мець талент, адчуванне слова, веданне літаратуры. Той, хто не прачытаў горы кніжак, хоць ён у душы і мае божую іскру, не стане значным майстрам, ён застанецца недавукам, яго творы не стануць адкрыццём нечага такога, чаго мы не ведаем, што здзівіць свет. Пісьменнік павінен прайсці школу: спачатку чытання, навучання, потым — пісання, але свайго, каб яно не было падобна ні на Сервантэса, ні на Бальзака, ні на Талстога ці Караткевіча, а каб яно было тваім ад пачатку да канца, ад клічніка да кропкі.
Як сказаў адзін крытык, кожны значны талент разбурае агульнапрызнаныя каноны і рамкі, бо яму там цесна. Геній, як бульдозер, расчышчае дарогу, і па ёй пачынаюць рух усе тыя, хто не мог прабіцца сам, сваёю сілаю. Сярод іх можа быць нямала знатных постацяў, але большасць не захавае свайго следу ў літаратуры.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: