Яўген Аснарэўскі - Трыкутнiк караля
- Название:Трыкутнiк караля
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785005395023
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Яўген Аснарэўскі - Трыкутнiк караля краткое содержание
Трыкутнiк караля - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Палюбаваўшыся гэтай карцінай, Мечыслаў працягнуў свой шлях. Прайшоўшы ўздоўж правага крыла каралеўскага палаца, якое выходзіла да абрыву, ён павярнуў налева, i выйшаў да паўкруглага палацавага эркеру.
Тут корпаліся пяцёра рабочых, яшчэ столькі ж сядзела на прыступках перад палацам, а адзін аблюбаваў для сябе дэкаратыўную вазу, ужо ладна аблезлую ад часу. Брыгада вяла раскопкі, вiдаць з мэтай рамонту вадаправодных труб. Усмешлівыя, адпачываючыя без справы, рабочыя, дружна зiрнулi на Мечыслава.
– Добры дзень, спадарства, – убачыўшы іх увагу, сказаў Мечык.
– Спадары вось тут надоечы ўсе ў Парыж паехалі, – адказаў рабочы з тварам Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва». – А мы вось тут зямлю роем.
Астатнія рабацягі стрымана засмяяліся.
Гісторык нічога не меў супраць жартачак рабочых і ўжо даўно прывык да іх.
Будаўнік – вельмі філасофская спецыяльнасць. Адпачынак пасля цяжкай фізічнай працы, на кучы будаўнічых адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка – вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.
– Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.
– Так-так, калі ласка, – ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.
– Нам зямлі не шкада, – уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.
Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з рабочых, што ўвесь час капалі, вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.
Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…
Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік – пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.
– Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, – сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука ў будаўнічай пальчатцы, якая мацала кучку зямлі, адчула нейкі выцягнуты прадмет.
Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэты малюнак.
– Дык гэта ж… – гісторык здзіўлена падняў бровы.
На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».
«Станіслаў Аўгуст Кароль» – падумаў Мечык.
Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была зроблена са срэбра. Матэрыял пацямнеў, але ў свежай драпіны, нанесенай лапатай рабочага, якi не заўважыў, што ён выкінуў на паверхню, праступаў светлы метал.
Мабыць, гэта было не зусім правільным дзеяннем, але малады гісторык сунуў капсулу пад кашулю і, падняўшыся на ногі, хуткім крокам пайшоў прэч, не гледзячы на ўсё яшчэ сваволячых людзей у робах.
Пралятаючы па вуліцах, Мечыслаў адчуваў, як сэрца калоціцца ў грудзях. Часам ён зазіраў пад кашулю, каб пераканацца, што ён нічога не прыдумаў і яму сапраўды ўдалося знайсці гэтакi каштоўны артэфакт.
Выпусціўшы на парозе хаты ключы, ён імкліва нагнуўся за імі і, намацаўшы іх злёгку дрыготкімі пальцамі, рэзка выпрастаўся, выдыхнуў, сказаўшы сабе, што трэба супакоіцца, затым ускінуў галаву, а потым рэзка ўставіў ключ у замок. Ключ лёгка пракруціўся і Мечык увайшоў у дом. Цяпло і знаёмы пах свайго дома адразу супакоілі яго, але неверагодная знаходка працягвала паліць рукі. Шурпатая, цёмная паверхня капсулы, была прыемнай навобмацак, але галоўнае, вядома, тое, што ўнутры. Што можа быць схавана ў капсуле з каштоўнага мэталу з манаграмай апошняга ўладцы Рэчы Паспалітай?
Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.
– Так-так, – прашаптаў сабе пад нос Мечык. – Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.
Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала – вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.
– Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, – гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.
Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!
Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.
Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна разгарнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: