Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Название:Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке) краткое содержание
Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
Дык вось, кожны з iх думае, што другi бедны. А потым iх арыштавалi i ў турму пасадзiлi, а на волю выходзiць яны не хочуць, бо тады другi даведаецца, што ён багацей. А турэмшчык iх за бедных лiчыць i здзекуецца з iх. Ты паглядзеў бы на яго фiзiяномiю, калi праўда выходзiць наверх! Ледзь не абамлеў, во як.
А пасадзiлi iх за што?
Ну, схапiлi iх на нейкiм палiтычным сходзе, але нiякiя яны не радыкалы выпадкова там апынулiся. А толькi дзеля грошай каб з табой жанiлiся цi за цябе замуж выходзiлi, нiхто з iх не хацеў.
Во сукiны дзецi, з самага пачатку адно аднаму мазгi круцiлi.
Не, у карцiне было так, быццам яны з самых добрых намераў усё рабiлi. I з людзьмi, разумееш, абыходзiлiся добра.
А я вось раз бачыў карцiну - ну быццам проста пра мяне, i не толькi пра мяне, а i пра жыццё маё, i не толькi пра маё - там неяк усё было паўней i шырэй.
Мне i майго гора хопiць. Хочацца хоць крышачку забыцца.
I забываешся... калi паверыш таму, што паказваюць у кiно.
I вось яны пажанiлiся, i тады ўсё выйшла наверх, i тыя, хто з iх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведалiся. Адзiн пыхлiвы малойчык раней i слова да iх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цылiндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кiнахронiку паказвалi, як нямецкiя салдаты ногi на маршы высока задзiраюць смехата адна.
А калi ў каго было хоць трохi грошай, заўсёды можна было выпiць. Раздражненне мiнала, па целе цяпло разлiвалася. Знiкала пачуццё адзiноты, бо цяпер было лёгка засялiць сваё ўяўленне сябрамi, лёгка ворагаў адшукаць i расправiцца з iмi. Сядзiць каля канавы, i яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, i будучыня не навiсае так грозна над iм. I голад не падкрадаецца да яго, i ўвесь свет мяккi i ласкавы, i чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркi надзiва блiзкiя, неба пяшчотнае. Смерць - прыяцелька, а сон родны брат смерцi. Вяртаецца мiнулае - дзяўчына са стройнымi нагамi, яна некалi танцавала там, дома... Конь... даўным-даўно... Конь i сядло. Скура на сядле цiснёная. Калi гэта было! Вось пашукаць бы якую-небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават i ноч разам правесцi. А як цёпла тут... I зоркi зусiм блiзка, i смутак i радасць таксама блiзка адно ад аднаго, зусiм злiлiся разам. Вось каб так i застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнiкi?.. Дык у iх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль iм, няшчасным, ведаць. Староннiкi рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё i нiчога пра яго не ведаюць. Не... зоркi цяпер такiя блiзкiя, слаўныя, я параднiўся з усiм светам. I ўсё на свеце святое - усё, нават я.
Губны гармонiк заўсёды можна насiць з сабой. Выняў з задняй кiшэнi штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасцi смецце, кiшэнную труху, тытунёвую пацяруху, вось i гатова. На гармонiку ўсё можна - i тоненькi, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымi пальцамi мяняеш гучанне, i гукi то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкi, то робяцца густымi, глыбокiмi, як у аргана, цi пранiзлiвымi i журботнымi, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў i зноў схаваў гармонiк у кiшэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кiшэнi. А калi iграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямi, сцiскаеш яго губамi - i нiхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, - часам дзе-небудзь на адзiноце з сабою ў цянi гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткi пасля вячэры, калi жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбiвае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўнiз у лад рытму. А калi i згубiш свой гармонiк цi паламаеш яго - бяда невялiкая. За чвэрць даляра купiш сабе новы.
Гiтара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукi павiнны быць мазольныя наросты. На вялiкiм пальцы правай - арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукi, расцягвай iх, як павук ногi, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.
Скрыня гэтая ў мяне ад бацькi. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне "до". А калi я навучыўся i зайграў на гiтары не горш за яго, ён ужо амаль нiколi за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае i такт нагамi адбiвае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкiнецца на вушак i галавой кiвае. "Iграй, кажа, старайся". Добрая гiтара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькi на ёй было сыграна песень - мiльён, вось i выдзеўблася ўся. Калi-небудзь трэсне i ўвалiцца, як яечная шкарлупiна. А паправiць яе, нават крануць нельга - тон страцiць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонiк. Разам добра выходзiць.
Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Нi ладоў на ёй, нi павучыць няма каму.
Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбiраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робiць.
Вiшчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранiзлiвая.
Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзiн расказваў: ёсць скрыпкi, якiм па чатырыста год, гук сакавiты, як вiскi. Кажа, цана такiм пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусiць, манiць. Вiсклiвая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькi смычок натру канiфоллю. Вось запiлiкае, ого! За мiлю чутно будзе.
Вечарам iграюць усе тры разам - гармонiк, скрыпка i гiтара. Iграюць кадрылю, б'юць абцасамi людзi падлогу, i тоўстыя гулкiя струны гiтары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармонiка, высока забiрае i вiшчыць скрыпка. Вось зайгралi кадрылю "Куранё", ногi тупаюць па дошках, i цыбаты юнак робiць тры хуткiя па, рукi свабодна вiсяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усiх бакоў, i пачынаецца танец - глухiя ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамi. Круцяцца парамi, абняўшы адно аднаго за талiю. Валасы ўпалi на лоб, дыханне перарывiстае. А цяпер паварот у другi бок.
Глянь на гэтага тэхасца - даўганогi, ухiтраецца на кожным кроку танца чатыры разы чачотку адбiць. У жыццi не бачыў, каб такое вытваралi. Глянь, як ён круцiць тую iндыянку з племенi чэрокi, шчокi ў яе аж гараць, пяткi разам, а наскi паасобку. А дыхае як, грудзi так i ходзяць. Думаеш, ад стомы? Думаеш, запыхалася? Дык я скажу табе, не. У тэхасца валасы звесiлiся на вочы, рот разявiўся - прагна хапае iм паветра, а сам чачотку адбiвае i ад сваёй iндыяначкi нi на крок не адыходзiць.
Скрыпка павiсквае, гiтара бумкае. Чалавек з губным арганам увесь чырвоны ад натугi. Тэхасец i iндыянка дыхаюць цяжка, як замучаныя сабакi, але прытупваюць, скачуць. Старыя стаяць, пляскаюць у далонi. Ледзь прыкметна ўсмiхаюцца, адбiваюць такт нагамi.
Памятаю, дома... у школе... даўно ўжо гэта было. Па небе плыве поўня на захад. А мы з iм пайшлi пашпацыраваць... недалёка. Iдзём i маўчым, бо ў абаiх дыханне перахапiла. Нi слова не сказалi. А тут наперадзе сена стажок. Падышлi да яго i ляглi. Бачыла? Гэты тэхасец шмыгнуў са сваёй дзяўчынай у цемру нiхто, думаюць, не прыкмецiў. О божа! З гэтым тэхасцам i я пайшла б. Хутка ўзыдзе месяц. Я бачыла - яе бацька памкнуўся быў за iмi, але вярнуўся. Ён ведае. Восень не спынiш, усё роўна прыйдзе ў свой час, i сок на дрэвах не спынiш. Так i гэта. А месяц ужо хутка ўзыдзе.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: