Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
- Название:Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:нет данных
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Мікола Ермаловіч - Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды краткое содержание
Кніга папулярнага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча ўяўляе сабой плён яго шматгадовых навуковых пошукаў і прысвечана аднаўленню па драбніцах гісторыі Беларусі полацкага і новагародскага перыядаў. Выкарыстоўваючы дадзеныя легапісаў, тапанімікі, археалогіі, аўтар прасочвае лёс нашай зямлі, пачынаючы са старажытных часоў і канчаючы ўтварэннем і ўмацаваннем Вялікага княства Літоўскага. Смеласць і арыгінальнасць пазіцыі, непрыманне ідэалагічных догмаў і шаблонаў, якія панавалі ў гістарычнай навуцы на працягу гадоў, відаць, і сталі прычынай таго, што гэтая праца М. Ермаловіча зможа пабачыць свет толькі цяпер (2001 г.).
Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды - читать онлайн бесплатно полную версию (весь текст целиком)
Интервал:
Закладка:
У літаратуры дамінуе думка, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г. быў адказам на набег Усяслава некалькі раней на Ноўгарад 383. Аднак гэта непасрэдна не выцякае з тэксту «Павучання»: «Святослав умре, и яз пакы ходив Смолиньску, а и — Смолиньска той же зиме та к Новугороду, на весну Глебови в помочь; а на лето со отцем под Полтеск». 3 прыведзеных слоў нельга зрабіць пераканаўчым сцверджанне пра напад Усяслава на Ноўгарад і помету яму за гэта з боку Манамаха. Сапраўды, апошні мог прыйсці ў Смаленск, які пасля смерці Святаслава (27.12.1076 г.) і ўсталявання на кіеўскім пасадзе яго бацькі Усевалада дастаўся яму ў прыдачу да Чарнігава недзе ў канцы 1076 г. (тады сакавіцкага, а паводле нашага календаря ў пачатку 1077 г.). Але неўзабаве гэтай жа зімой ён ідзе да Ноўгарада, а вясной Глебу Святаславічу (наўгародскаму князю) на помач. Такім чынам, выходзіць, што Манамах двойчы быў заняты наўгародскімі справамі. Грунтуючыся на гэтых вельмі лаканічных паведамленнях і прымаючы гэтыя два паходы Манамаха (адзін быў зімой, другі — увесну) за адзін, Д. Леанардаў прыйшоў да высновы, што паход Манамаха «Глебови в помочь» быў зроблены супроць Усяслава, які напаў на Ноўгарад, але выкрутлівы полацкі князь паспеў уцячы ў Полацк, што і выклікала неабходнасць паходу на апошні летам 1077 г. Аднак прыведзены ўрывак з «Павучання» не дае падставы аб’ядноўваць два паходы Манамаха ў адзін, бо першы з іх, як ясна ўказвае тэкст, адбыўся зімою, а другі — вясною. Апроч гэтага, ёсць указанні на тое, што Глеб у гэты час ваяваў з чуддзю (Банэль), гэта тым больш верагодна, бо Глеб сапраўды загінуў ў 1079 г. у барацьбе з гэтым племем. I таму магчыма, што два паходы Манамаха да Ноўгарада і выкліканы былі гэтай акалічнасцю, а не нападам Усяслава на Ноўгарад. Калі ўжо гаварыць аб магчымасці нападу Усяслава на Ноўгарад, то больш верагодна ён мог адбыцца тады, калі Манамах хадзіў у помач Глебу, г. зн. калі апошняга з войскам не было ў Ноўгарадзе, які застаўся безабаронным. Аднак застаецца незразумелым, чаму на гэты напад не ішоў разам з Манамахам наўгародскі князь, які найперш і павінен быў гэта зрабіць. У сё сказанае дазваляе выказаць меркаванне, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г, меў самастойнае значэнне. У такім выпадку што ж паслужыла прычынай да яго?
Успомнім, што Манамах пасля смерці Святаслава ў канцы 1076 г. стаў князем адначасова і ў Чарнігаве, і ў Смаленску, а іх землі былі ў непасрэднай блізкасці да полацкіх уладанняў. Гэтым мы і тлумачылі раней асаблівую нянавісць чарнігаўскага князя да Усяслава ў 1067 г. Гэту нянавісць успрыняў Манамах удвая, завалодаўшы Чарнігавам і Смаленскам, асабліва апошнім. Тое, што ён разам з сваім бацькам адразу пайшоў на Полацк, гаворыць пра яго намер заваяваць усю Полацкую зямлю. Такім чынам, супроць яе і цяпер былі накіраваны, па сутнасці, сілы ўсёй Паўднёвай Русі. Аднак, і на гэта ўказваюць усе даследчыкі, тое, што Манамах замаўчаў вынікі гэтага паходу, сведчыць аб яго правале. Але моц Полацкай зямлі, яскрава выяўленая ёю пры адбіцці націску паўднёвых сіл, ніколькі не астудзіла заваёўніцкіх намераў Манамаха, а, наадварот, яшчэ больш устрывожыла, бо яскрава паказала на яе небяспеку для яго і таму ўмацавала ў ім імкненне давесці справу да канца. Для ажыццяўлення гэтага склалася і спрыяльная палітычная кан’юнктура. Хоць бацька Манамаха — Усевалад — і ўступіў кіеўскі пасад свайму брату Ізяславу, аднак апошні паслаў княжыць у Ноўгарад сына Святаполка — даўняга ворага Усяслава. Вось з ім зімою 1078 г. (а на думку некаторых даследчыкаў, пасля гэтага года 384) цяпер ужо з сіламі Паўночнай і Паўднёвай Pyci, падмацаваных яшчэ і ардою полаўцаў (паводле С. Салаўёва і С. Кастамарава, гэта было першае ў практыцы міжусобнай барацьбы выкарыстанне палавецкай сілы), Манамах зноў з’явіўся ля сцен Полацка. Але, як і ўнапярэдні раз, дзякуючы выключнаму вайсковаму майстэрству Усяслава і стойкасці яго войска і палачанаў, Полацк не быў узяты. Помсцячы за гэта, Манамах і Святаполк «ожгоше» Полацк, г. зн. спалілі ўсе яго ваколіцы. Аднак гэтым Манамах не абмежаваўся. I калі Святаполк пайшоў у Ноўгарад, ён сумесна з полаўцамі «воюя», г. зн. рабуючы, беручы ў палон, пайшоў у кірунку Одрска. Пасля Менска, Оршы і Галацічаска Одрск упамінаецца ў другой палове XI ст. на тэрыторыі Полаччыны. Аднак месцазнаходжанне яго даследчыкамі пакуль не вызначана. М. Карамзін атаясамляў яго з Друцкам 385. Аднак гэта непрымальна, бо Манамах услед за О дрекам упамінае і гэты горад. У свой час 3. ДаленгаХадакоўскі выказаў меркаванне, што, як паказвае назва горада, ён мог знаходзіцца на р. Адроў, правым прытоку Дняпра (цяпер на тэрыторыі Аршанскага рна), і гэта мае пад сабой пэўную пад ставу. Сапраўды, як паказвае далейшы тэкст яго «Павучання», Манамах, вяртаючыся з гэтага паходу, «и — Смолиньска к отцю придох Чернигову» 386. Зыходзячы з гэтага, мы можам лічыць, што Одрск знаходзіўея на шляху з Полацка на Смаленск, г. зн. на р. Адроў. Аднак супроць гэтага ёсць два пярэчанні: першае — назва горада ад ракі Адроў будзе не Одрск, а Адроўск 387і другое — на ўказанай рацэ не выяўлены сляды гэтага горада 388.
Вядома, Усяслаў не мог пакінуць без пакарання Манамаха за яго гвалтаўніцтва ў Полацкай зямлі і, выкарыстаўшы зручны момант, калі смаленскі князь разам са сваім бацькам Усеваладам быў заняты міжусобнай барацьбой з Алегам Святаславічам, восенню 1078 г. зрабіў імклівы напад на Смаленск і «ожьже» яго, г. зн. зрабіў з ім тое, што раней Манамах мах з Полацкам. Манамаха вестка пра гэта застала, па ўсім відаць, у Чарнігаве, бо ён менавіта з чарнігаўцамі «о двою коню» (г. зн. кожны з удзельнікаў гэтага паходу меў запаснога каня) памчаўся да Смаленска. Аднак Усяслава ўжо там не было, і Манамах той самай дарогай, якой адступаў Усяслаў, пагнаўся следам за ім. Але дагнаць яго не ўдалося, ён змог схавацца ў Полацку. А Манамах, памятаючы ўрокі яго двух ранейшых паходаў, не рызыкнуў болей ісці на сталіцу Полаччыны. Як і ў папярэдні раз, ён «пожег землю и повоевав до Луком ля и до Логожска, та на Дрьютск воюя». Каштоўнасць гэтага паведамлення і ў тым, што яно засведчыла існаванне ў той час яшчэ трох полацкіх гарадоў: Луком ля, Лагойска і Друцка.
Тут дарэчы будзе спыніцца на адным спрэчным пытанні. У свой час I. Івакін выказаў думку 389, з якой згадзіліся і каментатары «Аповесці мінулых гадоў» 390, што апісанне гэтага паходу Манамахам у яго «Павучанні» ёсць не што іншае, як больш падрабязнае апісанне папярэдняга яго паходу. Думка гэта грунтуецца на розных меркаваннях, якія нам здаюцца непераканаўчымі. Так, I. Івакін лічыў, што Святаполк пасля паходу Манамаха на Полацк у 1077 г. не мог ісці на Ноўгарад здабываць сабе пасад, на якім сядзеў Глеб Ізяславіч, паколькі ў летапісах не адлюстравана барацьба гэтых князёў. Але яшчэ М. Арцыбашаў указаў на запіс у наўгародскім летапісе, што Глеба «выгнаша… бежа заволок, а Святополк седе на столе» 391. Не можа пераканаць і довад, што, маўляў, два гэтыя ўрыўкі маюць аднолькавы канчатак «та Чернигову». Што ж, гэта натуральна, бо як з першага, так і з другога паходаў Манамах вяртаўся ў Чарнігаў. Апроч таго, I. Івакін не растлумачыў, навошта было Манамаху пасля апісання барацьбы з Алегам Святаславічам і Барысам Вячаславічам вяртацца да апісанага ўжо раней паходу на Усяслава. Вось чаму мы прытрымліваемся думкі, што ў «Павучанні» ідзе гаворка пра два розныя паходы Манамаха. Адзінае, за што нельга ручацца, то гэта за дакладнасць датаў указаных падзей. Манамах сваё «Павучанне» пісаў дзесьці ў 1117 г. і мог (што і было) пераблытаць парадак сваіх паходаў. Як мы ўжо ўказвалі, яго барацьба з Усяславам не адлюстравана ў летапісах і таму не можа храналагічна быць удакладнена, і мы вымушаны задавальняцца прыблізнай датыроўкай.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: