Антось Уласенка - Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
- Название:Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785005665102
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Антось Уласенка - Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх краткое содержание
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
У пекле быў Гомель.
Спачатку ён не даваў веры відавочнаму, але неўзабаве сумневаў не засталося.
Першым пабачыў дарожны паказальнік. Абшарпаны сіні простакутнік пасярод пякельнае пусткі. Фарба лупілася буйнымі асушкамі, як пабруднелая скура на лбе й носе Ўсьцюжаніна. Налева – Чарнігаў, наўпрост – Гомель, 20 км. Потым, празь якую пару-тройку гадзінаў, наперадзе зьявілася места. Руіны, якія Ўсьцюжанін не пазнаў альбо пазнаваць не захацеў. Яшчэ праз гадзіну – мост цераз Сож. Тады ўсё стала зразумела. Дарма што замест вады ў рэчышчы Сажу цякла лява.
У тым, што ён у пекле, Усьцюжанін не сумняваўся.
Ён апрытомнеў на беразе лядзянага возера – голы, падубелы, няпомны. І зьмеркаваў, што апынуўся ў апраметнай, няйначай. Усё навокал было скутае марозам і пазасыпанае сьнегам. Неба падавалася няісным. Халадэча стаяла такая, што скура трэскалася і адвальвалася шматамі.
Ён падняўся й пайшоў куды вочы павядуць.
Жаданьняў не засталося.
Неўзабаве налучыў на раку й далей пільнаваўся берагу. Кірунак ня горшы за любы іншы. Ужо пазьней згадаў генштабаўскую кілямэтроўку й сьцяміў, што гэта мусіла быць Іпуць, якая цякла ў бок Гомлю.
Завіруха ўзьнялася раптоўна. Вятрыска дзьмуў так, што не пераставіць ногі, калючая белая сьцяна сьляпіла й задушвала.
Законы прыроды тут сілы ня мелі. Вецер мацнеў, сьнег заляпляў нос ды вочы, тэмпэратура падала, пужаючы нават яго, бітага сыбірскага гусака. Ступняў ён не адчуваў і дзівіўся, як дагэтуль перасоўвае іх па зацьвярдзелым шарпаку. Ад холаду скура па ўсім целе карэла й пакрывалася пухірамі, якія бесьперастанку набракалі і йрваліся крывёю й гноем.
Боль наганяў не адразу.
Усьцюжанін падымаў рукі да твару, глядзеў, што ад іх засталося, жахаўся – і толькі потым адчуваў фізычныя пакуты. У нейкі момант пачуў прыглушанае храбусьценьне й сьцяміў: вантробы так зьледзянелі, што трушчацца на аскепкі. І тыя аскепкі – вострыя, незьлічоныя – уторкваліся знутры яму ў чэрава й выходзілі вонкі.
Не, ён не памёр. Ня той раз.
Колькі цягнулася агонія, сказаць было цяжка. Можа некалькі гадзінаў, а можа некалькі гадоў.
Ён не хацеў успамінаць.
Праз пэўны час завіруха суцішылася, сьнег навокал растаў. Боль зь нясьцерпнага ператварыўся ў тупы, ныючы, падспудны. Ці ня з кожным крокам рабілася ўсё гарачэй.
Цёплае паветра прынесла пахі: скіслага супу, абпаленых сінтэпонавых цацак, прытхлых сутарэньняў, ляжалае гародніны, спарахнелае мэблі, вэнознае крыві. Кіславаты смурод стрэлаў з РПГ-32. Пахі наваліліся разам, і ён ледзь не званітаваў.
Вакол зь ніадкуль зьявіліся стромыя скалы. Запраўдны каменны лес у моры пяску. Калі ўжо добра паглыбіўся ў лябірынт цясьнінаў, скалы з скрыгатам пачалі насоўвацца адна на адну. Павольна, але несупынна. Ён завярнуўся й пабег штосілы.
Але не пасьпеў.
Скалы сутыкнуліся й перамалолі яго на крывавую крышанку.
І тады ён памёр.
А праз хвіліну, калі каменныя сківіцы разьняліся, ажыў. Да таго, як выбегчы на раўніну, Усьцюжанін, усьведамляючы, што гэта немагчыма, паміраў яшчэ тройчы.
Банцэвічанка глядзела на аблогу Гом’я з замкавае вежы.
Варожае войска стаяла пад сьценамі. Над першымі шэрагамі выпрастала крылы жар-птушка. Магутнымі ўзмахамі яна насылала на гарадзішча навальнічныя хмары з маланкамі, што білі ў абаронцаў.
«Прысьпеў час дзеяць».
Камандзір гомейскага гарнізону прачытаў ейныя думкі й даў адмашку. Ведзьмары па ўсім абводзе ўзьнялі рукі. Зь іх далоняў зырваліся снапы сьвятла й рэзнулі па цёмных хмарах. Патрушчылі на нішто.
Гэта слугавала сыгналам для жывёлаў. Варгін працяжна замяўкаў і скокнуў з рандэлі ў гушчу абложнікаў. Кіпцюрамі ён цэліў ім у вочы, драў валасы й шкуматаў твары. За кашэчым каралём уніз скіравалася чарнашэрснае ваярства. З Сажу, наўсьлед за Хабёрам, на бераг палезьлі сотні вялізных ракаў. Вострымі клюшнямі яны пераразалі ворагам сухажылы і адціналі пальцы. Зь лесу паўзла Шкурапея. Яна вяла за сабою размаітых зьмеяў, якія джалілі нападнікаў і ўпырсквалі ім у кроў сьмяротную атруту. Паднор з процьмаю падданых мышэй і пацукоў вылез зь лёху пасярод варожага строю. Грызуны сеялі паніку, гуртам кідаючыся на людзей. З прырэчных пячораў у паветра ўзьняліся цмокі й пачалі паліваць войска полымем.
Банцэвічанка як дасьведчаная чараўніца ведала, што нічога з гэтага не ўратуе места. Яно асуджанае на паразу.
Сцэна аблогі мутнела ўваччу, засланялася прывіднымі карцінамі. Апакаліптычныя візіі зьмянялі пастаральныя краявіды. Яе нібыта разрывала на часткі.
Вось яна бачыць свой чароўны замак, а вось замест Гом’я перад ёю шэры бяздушны Гомель – бэтон, асфальт ды йржавы мэтал. Самая яна стаіць на брылі будынку гомельскага райвыканкаму й вывешвае трыкалёр над галоўным уваходам.
Банцэвічанка не кіравала ўласнымі дзеяньнямі; быццам папросту назірала здаля. Вось уваччу зноўку паплыло, і карціны сумясьціліся – паўсюль яна бачыла адно трупы й руіны.
Раўніна ўяўляла сабою бясконцую мядзяную роўнядзь. Усьцюжанін ступіў на яе й заекатаў – медзь была распаленая ледзь не да вадкага стану. Уваччу памутнела. Ступні дыміліся і асмальваліся, але ён не спыняўся.
Далей, далей – прэч з гэтага замарачнага сну.
Да краю мядзянае раўніны – а той усё ж існаваў – дабраўся на карачках, зьнявечаны й спанявераны. Тут пачыналася шэрая зямля, парослая кустоўем. Ён упаў на сьпіну і аддыхаўся. Колькі разоў цыркануў крывёй. Паветра ўсё гарачэла. Відаць, патроху набліжаўся да цэнтру апраметнай.
Калі апёкі на целе дзіўным чынам загаіліся, падняўся й рушыў праз кусты. Лісьце на іх было вострае як лёзы, і ймкнулася ўчапіць яго як мага часьцей і балючэй. Ён не зважаў на парэзы, пільнуючыся абранага кірунку.
Ягоныя пакуты толькі пачыналіся.
Зямля пад нагамі, і без таго напечаная, раптам задымілася й запалала. Шукаць паратунку не было дзе. Заставалася бегчы наперад – там на гарызоньце вымалёўваліся высокія сілюэты чорнага колеру.
Ён ня помніў, колькі разоў згараў зажыва на той раўніне. Помніў, што зьбіўся з падліку.
Часткаю свайго аганізуючага розуму Ўсьцюжанін адзначаў жахлівую няслушнасьць навакольля. Пакуль ён нема крычаў, ахоплены полымем, зьверху радасна шчабяталі нябачныя птушкі, а ля востралістага кустоўя мірна пасьвіліся каровы. Хто мог прыдумаць такое месца? Хіба што звар’яцелы бог. Альбо д’ябал. І чаму тут апынуўся ён: ня злодзей, не вычварэнец, ня кат – просты кантрактнік?
Калі заўважыў быў руіны места ў першы раз, то падумаў, што гэта ягоны Краснаярск і ён вяртаецца дамоў. Нават у пекле прыемна пабачыць родны кут, знайсьці хоць бы нейкі сэнс у пачварнай фантасмагорыі.
Але неўзабаве памылка сталася відавочнай. Гэта быў не Краснаярск, гэта…
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: