Антось Уласенка - Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
- Название:Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785005665102
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Антось Уласенка - Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх краткое содержание
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Ён вярнуўся да паліцаў з кнігамі. Усе яны былі напісаныя на пэргаміне са скуры гастраподаў. Не пасьпеў прагледзець «Гісторыю Зурвэльскага самаўраду», як ззаду пачуўся стомлены голас:
– Фар Утальтат, – у пакоі стаяў Слатэрэт Экраск, паджылы чалавек з доўгаю барадой, заплеценай у тры касіцы чырвонага, зялёнага й чорнага колераў. – Рэўбальд, – ківок на прыслужніка, – ня здолеў уцямна патлумачыць мне, хто вы такі й з чым прыйшлі. Кажэце наўпрост, зробце ласку. Ня будзем губляць часу, бо я заняты чалавек.
– Фар Экраск, я кніганоша. Дастаўляю на Анкег кнігі з космасу: запаляю каганец асьветы ў гэтым моры цямноты, так бы мовіць. То вырашыў завітаць і ў Кніжны цэх Номільну, прынёс колькі інкунабулаў.
Каўрыт паказаў на велічэзную торбу перад сабой.
– Што за кнігі? Якія ўмовы прапаноўваеце?
– Вось пра гэта я й хацеў пагаварыць. Але ж найперш хацеў бы дазнацца вашых рэлігійных перакананьняў. Гэта даволі істотны момант.
– Я вырабляю й прадаю кнігі, а не чытаю казані. Існуюць багі ці не йснуюць, мяне мала абыходзіць. Гэтае пытаньне ня мае прынцыповага значэньня. Прыпусьцім, што маюць рацыю друіды. Што гэта зьмяняе для мяне? Альбо прыпусьцім, усё так, як кажуць мрапаіты Эльтаму. Што з таго жыхаром Номільну? Лепей пяройдзем бліжэй да справы.
Каўрыт скрывіўся:
– Прывезеныя мною кнігі – сьвятыя тэксты касматэізму. Яны дазваляюць чытачом ступіць на шлях яднаньня зь Бясконцасьцю, адкрыць сваё сэрца для касьмічнае любові. Гэта асабліва актуальна тут, у Номільне, так недалёк ад касмапорту. Месьцічам дастаткова працягнуць руку, каб крануцца міжзорнае чысьціні й пазаплянэтнае гармоніі, а яны замест таго прыслухоўваюцца да цемрашальскіх забабонаў.
Слатэрэт уздыхнуў:
– Вы ня можаце не разумець: мяне найперш цікавіць, як прадаюцца кнігі. Я выдаю тое, на што ёсьць попыт. Тэалягічнымі матэрыямі хай займаецца цэх Асьветнікаў. Я не зацікаўлены ні ў прыняцьці, ані ў адмаўленьні будзь-якіх дагматаў. З іншага боку, ня маю нічога супраць, калі кніга добра разыходзіцца ды яшчэ спрыяе… гм-м-м… «пазаплянэтнай гармоніі».
– Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя – дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.
– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. – Што за матарыял?
Каўрыт каротка расказаў пра паперу.
– Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…
Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.
– Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…
– Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.
– Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.
Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.
Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…
Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.
Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.
Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.
Каўрыт паважліва схіліў галаву й прыклаў левую руку да выявы Вялікага выбуху на правым плячы.
– Вашая патрыяршая міласьць, безнадзейны выпадак. Я наведаў адзін кантынэнт з чатырох, але й гэтага было задосыць. Плянэта блюзьнераў! Там квітнеюць апатэістыя, паганцы, агностыкі, анімістыя й ліха ведае хто яшчэ. Колькасьць дробных гарэтычных культаў не паддаецца падліку. Агульнакасьмічная мараль гэтым вылюдкам невядомая ўвогуле.
Патрыярх Вірмецаль павярнуўся да яго:
– Культурная каштоўнасьць?
– Блізкая да нулю.
– Місіянэрская дзейнасьць?
– Немажлівая.
– Рызыка распаўсюду гэрасі?
– Значная.
– Што вы прапануеце, мой касьмічны браце?
– Стандартную працэдуру, вашая патрыяршая міласьць.
Вірмецаль падняў рукі далонямі ўверх і ўрачыста прамовіў:
– Няхай міжзорны пыл прыме небаракаў у свае абдоймы й даруе ім новае жыцьцё ў пазаплянэтнай гармоніі.
Каўрыт Утальтат, брат-дабрадзей інквізытарскае місіі Касьмічнае любові, падышоў да аналою, прабегся пальцамі па клявішах і зьвярнуўся да бартавога кампутару:
– Панплянэтная анігіляцыя.
Ліст да Сатан Кляўса
Калядаў я не люблю. Старажытныя паганскія сьвяты, вылегчаныя й перакручаныя абрагамічнымі рэлігіямі, губляюць, як на мяне, усялякую глыбіню й прывабнасьць, а рэлігія рымскіх рабоў, якая паразытуе ў гэтай частцы сьвету, не выклікае нічога, акром гідлівасьці. У хрысьціянства, здаецца, увогуле нічога свайго няма: усё скрадзенае ў папярэднікаў. Не люблю таксама каляднае крывадушнасьці, калі, прыкладам, блэк-, дэз-мэталістыя, якія сьпяваюць оды сатанізму й мізантрапіі й ня маюць жаднага прамацыйнага здымку безь перагорнутага крыжу, ладзяць у сьнежні калядныя распродажы мэрчу й зычаць у сацыяльных сетках «шчасьлівых сьвятаў». Потым, калі іх тыкаюць носам у несупадзеньне словаў і дзеяў, апраўдваюцца, маўляў, сьвяткуюць яны старажытны Ёль ці нейкія «атэістычныя Каляды».
Не люблю я, адпаведна, і калядных апавяданьняў. Ані пісаць, ані чытаць. Усе яны выглядаюць штучнымі і актуальнымі раз на год, як вершы на дзень народзінаў дырэктара, што лісьлівыя падначаленыя перадзіраюць з інтэрнэту, падстаўляючы ў шаблён патрэбнае ймя.
Але лёс склаўся так, што каляднае апавяданьне я напісаў. Ды не адно – два. Абодва ёсьць у гэтым зборніку. У апраўданьне магу сказаць, што яны настолькі ж калядныя, наколькі антыкалядныя.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: