Антось Уласенка - Новая Зямля: Куканія
- Название:Новая Зямля: Куканія
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785005553331
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Антось Уласенка - Новая Зямля: Куканія краткое содержание
Новая Зямля: Куканія - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля
На падлозе ў цэнтры пакою сядзела пані Лёдзя: рукі і ногі сьцягнутыя вяроўкай, у роце кляп. Побач стаяў і тросься Грынька. Ён ня быў зьвязаны, але ні паварушыцца, ні адарваць зьбялелага твару ад каберца пад нагамі быў ня ў змозе.
Пры вакне стаялі два бэйбусы – адзін барадаты, другі з шнарам праз увесь твар – у якіх Юргель адразу пазнаў вітаўчанаў.
Апошнім разам пра іх зьяўленьне ў Віленскім павеце паведамлялі з тузін гадоў таму, але пазнаць вітаўчанаў мог нават той, хто іх ніколі не сустракаў: выгадаваныя ў інкубатарах на сынтэтычных вітамінах, яны былі на паўгалавы вышэйшыя за любога гедзімініча, у пералівістым пазаплянэтным адзеньні, паабвешваныя спакменямі. Юргель ня бачыў дагэтуль жаднага спакменю на свае вочы, але не сумняваўся, што на Новай Зямлі такія рэчы не вырабляюць: дастаць іх можна адно Вонках.
За Юргелевай сьпінай зачыніліся дзьверы і пачулася сіпеньне. Ён хутка зарыентаваўся: ірвануць наперад, скокнуць у вакно, упасьці на клюмбу атрыю, бегма пабегчы за стайню, паклікаць на дапамогу Віліча… Але нічога з гэтага не зрабіў – у руках вітаўчане трымалі праменевікі. Прызначэньне гэтых спакменяў здавалася відавочным.
Стары Дымша зырваў зьвязак ключоў зь Юргелевага пасу. Той здрыгануўся. Яму прыгадаліся чутыя ў дзяцінстве гісторыі. Пасядзёлка неаднойчы пужала яго жахамі, што адбываліся ў Чорнай Лопаўцы, аповедамі пра зямлю, якая плявалася ляваю і дымам, нібыта ў пекле, і пра тое, што ніхто, маўляў, адтуль не вяртаўся.
Ягоная рука міжволі пацягнулася па кудмень на грудзёх. Вока ляснога чыпірадлы ў мэталічнай аправе ён купіў у вайдэлёта на віленскіх Казюкох. Кудмень мусіў бараніць нашэньніка ад злых уплываў і нядолі.
– Бязь лішніх рухаў, пахоліку, – працадзіў Барада, – а то таксама зьвяжам.
– Нешта ён кашчаваты, – дадаў Шнар, – ані цягліцаў, ані тлушчу. Мізэрныя гены. Гадаваць няма сэнсу – Вонках доўга не працягне.
– Затое ён мае іншыя перавагі, – уступіўся аканом. – Язык гладка ходзіць. Глуздом круціць умее. Спрытны – бывае, аж занадта. Дзе-небудзь ды прыдасца, адно што вока за ім трэба.
Юргеля такая атэстацыя не парадавала, але ён вырашыў змоўчаць.
Стары Дымша між тым выйшаў з курыльні разам з Шнарам, пакінуўшы Бараду наглядаць палонных. Час ад часу яны павярталіся і ўпошапкі перагаворваліся ўтрох.
Пад Юргелем падгіналіся ногі, і ён сеў каля ўваходу. У галаве мітусіліся розныя думкі як уратавацца, але па водуме жадная не здалася прыдатнай. Ён вырашыў прычакаць зручнага моманту і імправізаваць.
Грынька па-ранейшаму стаяў, утаропіўшыся ў адную кропку. Так прамінула пара гадзінаў. У пэўны момант пані Лёдзя, і без таго напужаная, пачала біцца ў гістэрыцы, лупіць нагамі па падлозе і мыкаць праз кляп.
– А ну ціха будзь, лафірында!
Барада даў ёй ладную поўху і схапіў за валасы, прыўзьняўшы на добры локаць.
Грынька раптам апрытомнеў і нязграбна кінуўся напярэймы крыўдзіцелю. Мільгануў выбліск, і Грынькава цела ўпала на Лёдзю, якая зараўла яшчэ грамчэй.
У пакой забег Шнар і ацаніў абстаноўку.
– Давай-ка павучым маруху слухмянасьці.
Удвох яны зацягнулі ахмістрыню ў панскую спачывальню і пакінулі дзьверы адчыненымі наросхліст. Юргель, насуперак жаданьню, мог чуць і бачыць усё, што там адбываецца. Гэтак сама, як мог бачыць дзірку ў галаве Грынькі. А вось паварушыцца быў няздольны.
Далейшае адбывалася нібыта ў замарачным сьне. Вярнуўся Стары Дымша і нешта яму казаў, але ён ня ўслухваўся. Вітаўчане прыцягнулі назад Лёдзю, у йрванай сукні і зь сіньцом пад вокам. Яна абыякава глядзела перад сабою і больш не крычала.
Часткаю свае сьведамасьці Юргель спадзяваўся, што Касюта ў грыдні зьнізу прачнецца ад шуму ды ёкату і падыме трывогу. Але другою часткаю разумеў, што сам апаіў яе дрымай, каб не перашкаджала ласавацца смачнасьцямі з прыемнае аптэчкі.
З ступару Юргеля вывелі штурхялі вітаўчанаў. Іх зь Лёдзяю прымусілі падняцца і павялі ўніз, праз заднія дзьверы ў парк.
Ён азірнуўся на маёнтак без спадзеву ўбачыць яго яшчэ калі.
Ужо з здымкаў Зарфаля было зразумела, што Новая Зямля ці не йдэальна адпавядае задуме, а па першых інспэкцыйных адведках плянэты (калі Мінгайла-Азярэвіч папрактыкаваўся ў анамастыцы і тэхнічнай краналёгіі) ён пераканаўся ў тым напоўніцу. Плянэта ляжала нетурбаваная ў далёкім Заграніччы воддаль любых касьмічных шляхоў і правамоцтваў Галяктычнага Рэгістру, на самым ускрайку Незнані зь яе непазнавальным чарноцьцем.
Умовы здаваліся прыдатнымі для жыцьця, але не такімі лагоднымі, як на Старой Зямлі: Аксамітная Лілея была значна халадзейшая за Сонца, – адпаведна розьніліся сярэдняя тэмпэратура паветра і іншыя кліматычныя паказьнікі; а вандроўныя цёмныя плямы на чырвоным карліку часьцяком пакідалі плянэту безь сьвятла на колькі хвілінаў. Найлагоднейшым кантынэнтам з трох была палесістая Куканія, найсуворайшым – вульканістая Зямля Чорнае Лопаўкі.
Такія ўмовы, на думку галавы ККД, гартавалі б характар пераходняў і не дароўвалі гультайства і бязьдзейнасьці. А халодныя бяззорныя ночы (часамі было відаць хіба сузор’е Ганчакоў) зь мёртваю Марэнаю ў нябёсах мусілі нагадваць новазямельцам пра найвышэйшую абыякавасьць Сусьвету, мацуючы іх мужнасьць і звычку спадзявацца адно на сябе самых.
Скорым часам рэчаіснасьць выправіла найбольш утапічныя часткі пляну Мінгайлы-Азярэвіча. Валянтэраў для Пераходзінаў на Новую Зямлю ён гэтым разам вырашыў набіраць выключна зь беларусаў: то бок тых, хто лічыў сябе ідэйнымі нашчадкамі напаўмітычнага народу. Такія, на дзіва, знайшліся ня толькі сярод спалечнікаў псыхіятрычных лякарняў.
Паводле задумы, стрыжнем новага чалавецтва мелі стацца сьведамыя навукоўцы і людзі творчых прафэсіяў. Але на заклік пакінуць родны кут дзеля невядомае плянэты, зьмяшчэньне якое трымалася ў таямніцы, пагадзіліся ня толькі і ня столькі яны. (Хоць бы трапляліся сярод валянтэраў рамантыкі і пасіянарыі, этнакасмолягі, філёзафы Нябытнасьці, дыяхранічныя мовазнаўцы, пісьменьнікі-краністыя, ксэнабіёлягі, этнографы Даўнажыўнае эры, нават дастасоўныя дэтэрміністыя).
Бальшыню ж, як і ў папярэднія разы, складалі размаітыя дысыдэнты, вечныя мармылі, прымітывістыя з сэкты Простых рэчаў, злачынцы і маніякі, прагісторыкі-рэваншыстыя, вайдэлёты Касьмічнага зьнічу, палеарэканструктары, уцекачы і выгнанцы, шматлікія чальцы мізантрапічных асацыяцыяў, экацэнтрыстыя Добрага ладу, блазны і вар’яты, акультныя нэапаганцы, рызыканты, кансьпіратолягі, ашуканцы, пасьлядоўнікі Яшчара і Вялёны і многія-многія іншыя.
Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: