Антось Уласенка - Новая Зямля: Куканія
- Название:Новая Зямля: Куканія
- Автор:
- Жанр:
- Издательство:неизвестно
- Год:неизвестен
- ISBN:9785005553331
- Рейтинг:
- Избранное:Добавить в избранное
-
Отзывы:
-
Ваша оценка:
Антось Уласенка - Новая Зямля: Куканія краткое содержание
Новая Зямля: Куканія - читать онлайн бесплатно ознакомительный отрывок
Интервал:
Закладка:
У адным Мінгайла-Азярэвіч меў рацыю: плянэта загартавала сваіх насельнікаў як мае быць. Калі б ён убачыў, чым абярнулася ягоная мара, дык жахнуўся б, як жахнуліся мы, калі прыляцелі ў Куканію.
З дакладу інвэстыгатара Бартрама Ардо Першаму рэгістратару Галяктычнага Рэгістру
Зь Цёмналесься ў Аўціму
«Учора было ўчора, а сёньня – гэта сёньня».
З такою думкаю Юргель адкінуў прэч шкадаваньні і вырашыў, што яму не застаецца нічога, як адшукаць Вільню. Ён разьмяў зацёклыя цягліцы, зарыентаваўся, адкуль устае Лілея, і пайшоў лесам у адваротны бок.
Новы дзень абяцаўся быць цёплым і ясным.
Смагу Юргель спатоліў бярозавікам, а вось голад даймаў мацней і мацней. Ён усё шукаў, дзе б чаго пакласьці на зуб, калі ўбачыў на паляне ці то куст, ці то траву, што аплятала павалены камель. Шматлікія сьцябліны падымаліся да роўню пасу і былі ўшпіляныя белымі ягадамі.
«Чорт з голаду й мухі еў, – пастанавіўшы так, паклаў у рот ягадку. – І смак нішто сабе».
Падсілкаваўшыся, Юргель паўдня прадзіраўся скрозь густы падлесак. Неаднойчы яму прывялося скарыстацца клёпкаю ад паўбачэнку: адбіваўся ад зьвяроў, што нагадвалі пудзілы з Трафейнага пакою Пана. Яны відавочна ня зналі людзей і сьмела падыходзілі да яго наўсутыч – але, атрымаўшы па пысе, хутка ўцякалі.
Па паўдні Юргель выйшаў на чысьцядзь, дзе раскінулася прымітыўная вёска з прысадзістых хатаў, напалову закапаных у зямлю. Каржакаватыя брудныя людзі разворвалі зямлю на гародах, калолі дровы, нешта цягалі ў мяхох зь лесу. На падворках сядзелі брыдкага выгляду бабкі, варожа разглядалі яго і перашэптваліся.
Угледзеўшы тубыльца, які ня быў заняты справаю і йшоў сабе вуліцай, ловячы мух, Юргель падышоў і ветліва павітаўся:
– Дзень добры, гаспадару. Хай мой выгляд не падманвае вашэць. Я Юргель Нязломак, дыгнітар вялікакняскага двару ў Вільні, блізкі сябра паноў падкаморага і галоўнага інстыгатара ды іншых дастойнікаў, – ён з даверам сьцішыў голас, – і ўлюбёнец самое пані гетманавай.
Тубылец адно цыркнуў пад ногі.
– А таксама пані кухмістравай.
Тубылец змоўчаў. Юргель быў нязвыклы да такога этыкету.
– А як вашэць завешся?
– Не вашэць – Кузьмар, – негасьцінна прагучала ў адказ.
– Злы лёс закінуў мяне далёка ад дому, шаноўны Кузьмару, у ваш хлебасольны край. Хоць я й не магу зараз адплаціць за тваю бязьмерную гасьціннасьць, упэўнены, вялікі князь не абміне цябе ласкаю, як даведаецца, што ты накарміў ягонага вернага паплечніка і пусьціў падначаваць да сябе ў хату.
Шаноўны Кузьмар пахрабусьцеў касьцяшкамі пальцаў і прамовіў без асаблівае пашаны:
– Ішоў бы ты згэтуль па-добраму, га?
Юргель з шкадаваньнем адзначыў, што канструктыўнае размовы не атрымаецца, але працягнуў роспыт:
– Што ж, пан – гаспадар. А ці не падкажаш, што гэта за месца?
– Цёмналесьсе, што ж яшчэ. Хіба ня бачыш? Вунь там, – узмах рукою на лісьцьвянік, – Цёмны лес.
– Як далёка адсюль да Вільні?
– Га?
– Да Вільні, кажу, – гучней прамовіў Юргель.
– Што за вёска? Ніколі ня чуў.
– Гэта ня вёска, а стольнае места Вялікалітвы.
Кузьмар глядзеў на яго без іскрынкі разуменьня.
– Вількамір, Нясьвіж, Наваградак?
Маўчаньне.
– Хіба вы не прызнаяце ўлады князя Скаравойта?
Кузьмар перакрывіўся.
– Мы жывём у Цёмным лесе, шануем Лясных багоў і ў чужыя дзялы носу ня ткнем.
Юргель зразумеў, што пра чыгунку тут пытацца ня мае сэнсу і пацікавіўся, дзе ляжаць найбліжэйшыя селішчы.
– Вунь там недалечка Засецьце, – Кузьмар паказаў у бок, зь якога прыйшоў Юргель, – а за лесам, – ківок на захад, – жывуць яцьвягі. Самыя сябе завуць судзінамі. Беражыся іх – страшнейшыя за зьвяроў.
– Добра, а дзе ў вас можна пад’есьці?
– Вядома дзе – «У вірох на юрох».
– Перапрашаю?
– У карчме. Што ж ты такі тугі?
Кузьмар пайшоў сваім шляхам, не разьвітаўшыся.
Неўзабаве Юргель натрапіў на скасабочаную хаціну з шыльдаю «Ў вірох на юрох», пра якую казаў тубылец. Да звыклых яму корчмаў яна была мала падобная. Зруб разьехаўся ад часу і ўрос у зямлю ці не па самыя вокны – маленькія і закураныя. Унутры пахла дымам, паўцемру расьсейвалі адно лучыны. Юргель сеў пры найбліжэйшым да выхаду стале і разгледзеўся.
Наведнікаў не было. Маладзенькая прыслужніца балбатала ля стойкі з карчмаром – лысым бамбізам, які разьбіраў тушку нейкага грызуна і абціраў рукі акрайкам кашулі. Дзяўчына безуважна акінула Юргеля вокам, але заказ браць не сьпяшалася. Адно калі ён замахаў рукамі, каб прыцягнуць увагу, зрабіла ласку і несхаць падышла.
– Дзень добры, шаноўная спадарычна. Дазволь…
Не пасьпеў Юргель скончыць фразы, як у карчму завітаў нехта, у кім ён адразу пазнаў сьвятара. Выглядам і паводзінамі той нагадваў віленскіх касматэістых. Трыбухаты, віслашчокі, у даўгім насове з выгафтаваным на грудзёх дрэвам, ён фанабэрыста пракрочыў праз памяшканьне і ўсеўся на дальнюю лаву, наваліўшыся трыбухом на стол.
Прыслужніца ўміг упырхнула да яго. Яна прыкметна пажвавела і выяўляла цяпер кожным рухам запал і паслужлівасьць. Да сталу падляцеў і карчмар. Ён усё абцягваў запэцканую кашулю, выдыгаў перад госьцем, уважліва яго слухаў і ківаў, а потым зьнік у кухні. Сьвятар тымчасам прыцягнуў да сябе прыслужніцу і па-гаспадарску запусьціў руку ёй пад спадніцу. Дзяўчына, відавочна, ня мела нічога супраць.
«Што край, то й звыча́й» – зацеміў сабе Юргель і паабяцаў больш нічому не зьдзіўляцца, каб не паказаць раптам свае недасьведчанасьці. Да таго ж падобныя звычаі былі яму да густу.
«І Вільня можа нешта пераняць ад гэтага дзіказем’я».
Ён ладна згаладнеў, але прыслужніца ўсё не падыходзіла. Праз пэўны час карчмар падаў ёй знак, і яны ўдваіх пачалі выносіць сьвятару стравы з кухні: духмяны суп, рыбіну на селядзечніцы, хлеб, сыр, яйкі памерам з кулак, засмажаныя ў масьле кавалкі мяса і ягадны пірог. Пакуль госьць сілкаваўся, яны стаялі паабапал сталу, падлівалі піва із збану і выносілі пустыя талеркі.
Спакусьлівыя пахі казыталі нос, але Юргелю не заставалася нічога, як цярпліва чакаць. Сьвятар урэшце скончыў сталаваньне, гучна адрыгнуў і пляснуў прыслужніцу па азадку, пасьля чаго цяжка падняўся і сышоў, не пакінуўшы грошай. Такія норавы знаходзілі ўсё большы водгук у Юргелевай душы.
Ён дачакаўся, пакуль прыслужніца пратрэ стол ды пагутарыць з карчмаром, і зноў замахаў рукамі. Дзяўчына закаціла вочы і – відаць, ад няма чаго рабіць – падышла да яго.
– Прынясі мне, зроб ласку, тое самае, што і спадару перада мною.
Прыслужніца дзіўнавата на яго зірнула:
– Таго, што еў бажэньнік Бэнэдэльберт, больш няма.
– У такім разе прынясі што ёсьць.
– Сялянскі абед за шэсьць. Гаршчок марынаваных пацучыных мазгоў за чатыры.
Читать дальшеИнтервал:
Закладка: